Лютая палітыка-2010: антыўзнагарода за глупствы ў палітыцы
Адбылося абвяшчэньне ўладальнікаў прыза “Лютая палітыка” за найбольш гратэскныя і недарэчныя ініцыятывы ў грамадзка-палітычным жыцьці па выніках 2009 году. Сярод ляўрэатаў – Мінабароны, КХП БНФ, Яраслаў Раманчук, старшыня ФПБ Леанід Козік, ААН ды інш. Галоўны прыз – люты палітык году – так нікому і не дастаўся. Усім пераможцам быў падрыхтаваны прыз – Васковы Дыяген як матэрыяльнае ўвасабленьне іранічнага стаўленьня да палітычных фэноменаў. Цырымонія ўзнагароджаньня “Лютая палітыка” праходзіла ўпершыню.
Ляўрэаты вызначаліся адмысловым журы, у склад якога ўвайшлі палітолягі і журналісты, што вядуць блёгі ў LiveJournal.com. Атрымаць Васковага Дыягена прыйшоў толькі адзін ляўрэат – Алесь Міхалевіч.
Паводле заснавальнікаў прэміі, прызы былі разыграныя ў наступных намінацыях: “Эўраразетка”, “За вынас мозга сродкамі палітычнага аналізу”, “Скандал!”, “Запільнасьць”, “За тонкі гумар і разнастайнасьць думак”, “Палітыка 2.0”, “Акцыя году,” ды інш. Таксама былі агучаныя і некалькі Спецыяльных прызоў. Галоўны прыз, які мусіў быць уручаны самаму лютаму палітыку году, так і ня быў нікому ўручаны. “Да гэтай намінацыі ніхто не дацягвае”, -- патлумачылі ініцыятары прэміі.
Арганізатары мерапрыемства плянуюць уручаць антыўзнагароды за глупствы ў палітыцы штогод.