viasna on patreon

ЛТП: лячэнне альбо гвалт над чалавекам?

2010 2010-01-13T16:05:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ltp2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ltp2

Ltp2

Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае даследваць парушэньні правоў чалавека, звязаныя з прымусовым накіраваньнем  на “лячэньне” ў ЛТП. Яшчэ напачатку мінулага году праблема абмежаваньня права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, а таксама выкарыстанне прымусовай працы патрапіла ў фокус асаблівай увагі беларускіх праваабаронцаў. У першую чаргу гэта звязана з функцыянаваньнем у Беларусі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛТП), гэткіх рудыментаў камуністычнай эпохі, у якія накіроўваюцца асобы, хворыя на алкагалізм.

У сувязі з гэтым на сайце  “Spring96.org” з’явіўся адмысловы банер-раздзел “Праблема ЛТП у Беларусі”, дзе змяшчаюцца як аналітычныя публікацыі па тэме так і матэрыялы, што сведчаць аб парушэннях правоў грамадзян, прымусова накіраваных на “лячэньне” ў ЛТП. Прапануем вашай увазе матэрыялы апытанняў некалькіх грамадзян, якія былі змешчаныя ў ЛТП на тэрмін 1 год.

21.11.2009 г., запісана А. Колчыным ў г. Чавусы.
У размове ўдзельнічаюць Барыс Бухель, Аляксей Колчын, а таксама:
Іванова Аксана Рыгораўна, знаходзілася ў ЛТП з 19.06.2008 г. па 09.06.2009 г.;
Казубоўская Таісія Аляксандраўна, знаходзілася ў ЛТП з 19.06.2008 па 12.05.2009 г.;

Умовы ўтрымання: Ацэньваюць як «жудасныя», «цяжкія» ўмовы. Усяго - два двухпавярховых карпусы. У памяшканнях для пражывання вільгаць, зімой холадна (падчас сну вымушаныя накрывацца целагрэйкамі і спаць апранутымі). Працякае дах, у выніку чаго на верхнія ложкі (3-ці ярус) ўстанаўліваліся тазы, і людзі спалі па 2-3 чалавекі на адным ложку. Летам - горача, задушна. Ацяпляльныя батарэі грэюць слаба. Вокны са шчылінамі, змешчаныя ў ЛТП самі абклейваюць іх.
У санчастцы пры людзі спалі на падлозе, на матрасе.
Для пражывання выкарыстоўваюцца непрыстасаваныя для гэтага памяшканні: напрыклад, тамбурнае памяшканне перад сушыльным пакоем (прахадныя пакой плошчай каля 18 кв.м., у якім у 2008 г. адначасова размяшчалася ад 18 да 27 чалавек). Вокны ў гэтым памяшканні забраныя кратамі (у астатніх памяшканнях - няма).
У звычайным памяшканні (плошчай, верагодна, да 80 кв.м.) пражывала да 60 чалавек. Там таксама ўстаноўленыя трох’ярусныя ложкі, праходы паміж імі менш за паўметра, двум людзям немагчыма размінуцца, падчас пад'ёму вялікая цесната.
Бялізна мяняецца два разы ў месяц. Бялізна часта выдаецца недастаткова чыстай, у плямах.
Вельмі малая колькасць прыбіральняў і рукамыйніц: на другім паверсе, на якім адначасова пражывала каля 300 чалавек, толькі тры унітазы і пяць рукамыйніц (з якіх у рабочым стане - тры). На ўвесь ЛТП - толькі чатыры душы (у рабочым стане былі тры з іх). Часта таксама не бывае вады, і людзям даводзіцца выходзіць на вуліцу за вадой. У рукамыйніку - толькі халодная вада.
Асвятленне дастатковае. Чытаць не дазваляецца, акрамя таго, свабоднага асабістага часу ў ЛПП практычна няма, нават у выхадныя дні. Праводзяцца ператрусы ў памяшканні для пражывання, у тым ліку афіцэрамі міліцыі - мужчынамі.
Пасля вяртання выстройваюцца на пляцы, і іх пералічваюць (звычайна ў 18-00).
За парушэнні змяшчаюць у маленькі карцэр, які знаходзіцца ў падвальным памяшканні. Карцэр ацеплены, але летам там холадна.
Падчас наведвання камісіямі усіх, хто ўтрымліваецца ў ЛТП, вывозілі на працы і зачынялі ў сушыльных памяшканнях, каб схаваць іх сапраўдную колькасць. У ЛТП ўтрымлівалася каля 1200 чалавек адначасова. У лістападзе 2009 - 850 чалавек (са слоў Ложнікавай).
Адбой - у 22-00, пасля чаго адключаецца асвятленне.
Бібліятэка ёсць, але літаратура толькі «ваенная». Прымушалі за свой кошт выпісваць мясцовую дзяржаўную газету - «Працоўны шлях». Радыё ў памяшканні няма. У «вялікім» пакоі ёсць адзін тэлевізар (рамонт ажыццяўляўся за кошт “пацыентаў”).
Для прагулак выкарыстоўваецца «пляц», які знаходзіцца ўнутры тэрыторыі ЛТП. Тэрыторыя ЛТП адгароджана калючым дротам. Сабак у ахове няма.
Таксафон ў ЛТП толькі адзін. Знаходзіцца на КПП, размова чуваць, і таксама, са слоў К. і І., праслухоўваецца.
Лісты часта не даходзяць або даходзяць з вялізнымі затрымкамі - да паўгода. Карэспандэнцыя падлягае цэнзуры: канверты з лістамі пры адпраўленні з ЛТП не заклейваюцца, іх апускаюць у паштовую скрыню адкрытымі, аднак да адрасата прыходзяць ўжо ў запячатаным выглядзе.
Спатканне - да трох гадзін, у прысутнасці «кантралёра», які чуе гутарку. Па пасылках абмежаванняў няма. Карэспандэнцыя не даходзіць
Адзін раз у месяц прыязджае авталаўка, у якой можна набыць неабходныя тавары.

Харчаванне: У залежнасці ад часу выезду на аб'ект сняданак можа выдавацца рана, у 4-30. На працягу ўсяго дня да вяртання ў ЛПП (17-00 - 19-00) людзей больш не кормяць. Таму не снедаюць, а бяруць з сабой, каб паабедаць на аб'екце. Абед выдаюць пасля вяртання з аб'екта ў ЛТП.
Якасць ежы «жахлівая», пярлоўка, сечка, авёс, вараная рыба жудасная. Садавіны, гародніны не даюць - не дазваляюць з сабой прыносіць з працы ў ЛТП (адбіраюць на КПП). Не дазваляецца перадаваць цукар (варэнне можна).

Работа:  Пад'ём на працу ў 3-00, у 3-30 раніцы (у залежнасці ад аддаленасьці аб'екта для працы). Праца праходзіць пад аховай «кантралёраў». Мыла выдаецца. Спецадзеннем не забяспечваюцца, нават рукавіцамі. Выдавалі «халат, флікер, і хустку» за кошт змешчаных ў ЛТП (павінны былі аплаціць кошт, прычым у абавязковым парадку). Спецадзенне, абутак, таксама маглі выдаць з наступным утрыманнем кошту з зарплаты (у выпадку непагашэння доўгу не прымяняецца датэрміновае вызваленне з ЛТП).
Выкарыстоўваюцца на будоўлях, часам былі няшчасныя выпадкі. Каскі, рамяні бяспекі не выдаюцца. Інструктаж па ТБ не праводзіцца, толькі збіраюцца подпісы аб нібыта праведзеных інструктажах. У асабістых мэтах працу не выкарыстоўвалі. Зімой не дазваляюць грэцца ў ацепленай машыне. У выпадку канфліктаў з кіраўніцтвам на працоўным месцы («вольныя») разгляды не праводзяцца, работнікі, якія ўтрымліваюцца ў ЛТП, проста пераводзяцца на іншую працу. Выбраць сабе працу нельга.
Т. Казубоўская ні разу не мела выходных на працягу паўгода (з моманту змяшчэння ў ЛТП да Новага года), гэта звычайная практыка. Працоўны дзень можа працягвацца больш за 8-мі гадзін. Звышурочныя не выплочваюцца. Няма таксама ніякіх надбавак за работу ў выхадныя дні, ніякіх прэмій. Пры гэтым табелі рабочага часу афармляюцца майстрам у адпаведнасці з заканадаўствам, такім чынам, не ўлічваюцца фактычна адпрацаваныя рабочыя дні (гадзіны), якія перавышаюць устаноўленыя нарматывы.
Дастаўляюць на працоўнае месца на аўтобусах і адкрытых машынах, у тым ліку ў зімовы час. Транспарт не ацяпляецца.
Часам на месцы працы працуюць разам жанчыны з ЛТП і гэтак званыя  «хімікі» - мужчыны, у сувязі з гэтым ўзнікаюць розныя эксцэсы.

Медыцынскае абслугоўванне:  Санітарна-гігіенічнымі сродкамі не забяспечваюцца, трэба набываць за свае грошы.
У ЛПП няма ўрача-нарколага, гінеколага. Ёсць тэрапеўт, зубны ўрач, тры медсястры, часам быў псіхолаг. Ўрачэбная дапамога звычайна заключаецца ў выдачы таблеткі анальгіну. Лячэння ад алкагалізму ніякага не праводзіцца, толькі ў першыя тры дні ўтрымання выдаюць адно дражэ аскарбінавай кіслаты і дзве таблеткі валяр'яны. Пры паступленні правяраюць на педыкулёз і каросту, ніякага іншага медыцынскага абследавання не праводзіцца. Быў выпадак, калі змешчаная ў ЛТП ў стане алкагольнага ап'янення пасля страціла розум.
Раз на год праводзіцца флюараграфічнае абследаванне.
Задараецца, што трох’ярусныя ложкі не дазваляюць аказваць неабходную медыцынскую дапамогу: быў выпадак, калі ў адной з жанчын быў прыступ падучай хваробы, а медработнік не змагла забрацца да яе на трэці ярус ложка.

Сродкі на жыццё: фактычна, існаваць можна толькі на ўласныя сродкі, якія паступаюць звонку (грашовыя пераводы, пасылкі і т.п.), паколькі заробкі надзвычай  малыя. У месяц заробак складае ад 80000 да 130000 рублёў. Пры гэтым на «атаварку» выдзяляецца толькі 10% ад гэтай сумы, г.зн. ад 8000 да 13000 у месяц. Звычайныя рабочыя, якія працавалі на будоўлях і аб'ектах разам з тымі, хто ўтрымліваўся ў ЛТП, атрымліваюць значна большую зарплату за тую ж самую працу: да 1 500 000 руб. Астатнія сродкі з зарплаты ідуць на аплату пражывання ў інтэрнаце ў ЛТП, на пагашэнне запазычанасцяў - напрыклад, за ўтрыманне дзяцей на апецы дзяржавы (у тых выпадках, калі яны  былі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў і мелі непаўналетніх дзяцей). З-за маленькіх заробкаў запазычанасці перад дзяржавай за ўтрыманне дзяцей за час знаходжання ў ЛТП вырастаюць. Так, у Казубоўскай і Івановай даўгі выраслі за час знаходжання ў ЛТП прыкладна з 3 млн. да 4 млн. За ўтрыманне дзяцей штомесяц Іванова павінна выплачваць 320 000 руб. У выніку яна за кастрычнік 2009 атрымала «на рукі» 43 000 руб. (на працу па месцы жыхарства, пасля «вызвалення»); яе зарплата «на рукі» складае 219 000 руб. Казубоўская за кастрычнік атрымала каля 21 000 руб. пры заробку «на рукі» больш за 100 000 руб. У выніку запазычанасць у асоб, пазбаўленых бацькоўскіх правоў, перад дзяржавай пастаянна расце.
Пры вызваленні выдаюцца толькі тыя грошы, якія імі заробленыя. Пазыкі перад ЛТП павінны быць сплочаны, інакш не выпусцяць. Часам людзі выходзяць з ЛТП без сродкаў. Іванова пры вызваленні атрымала 15000. Козубовская - 5000.

Трапляюць у ЛТП часта неабгрунтавана, (напрыклад, Казубоўская). Міліцыя, ведаючы «кантынгент», затрымлівае патрэбную колькасць людзей, афармляе адміністрацыйнае правапарушэнне, якое не мела месца (часцей - дробнае хуліганства), прымушае затрыманых падпісаць пратакол (часам сілай - да прыкладу, да Казубоўскай ўжываліся катаванні - «залілі за пазухі бутэльку вады» , або пагрозай іх прымянення - «зробім зараз табе «ластаўку»- усё падпішаш»). Пасля гэтага праводзіцца суд, на якім, па словах Казубоўскай і Івановай, рашэнні загадзя вынесены і гатовыя, і чалавек змяшчаецца ў ЛТП на год. Змячшчэнне ў ЛТП адбываецца пасля заканчэння тэрміну абскарджання пастановы суда. Часам, па сцвярджэннях І. і К., рашэнне суда знарок дасылаецца пазней вызначанага дзесяцідзённага тэрміну яго абскарджання (у тых выпадках, калі «асуджаны» неадкладна пасля вынясення рашэння змяшчаецца ў ЛТП), так што чалавек аказваецца не ў стане абскардзіць рашэнне аб змяшчэнні яго ў ЛТП.
Больш за устаноўленага судом тэрміну ўтрымання ў ЛТП пакідаюць вельмі рэдка (па рашэнні суда, «за п'янкі»). Быў выпадак, калі прывезлі жанчыну без дакументаў. Яна знаходзілася ў ЛТП каля паўгода без адпаведнага рашэння суда, без дакументаў, да таго часу, пакуль яе не знайшоў сын і не забраў адтуль.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства