Андрусь Цянюта патрабуе альтэрнатыўнай службы
Самога Андруся Цянюты на судзе не было. Ад верасьня ён служыць у полацкай вайсковай частцы № 49510.
На судзе прысутнічаў каардынатар кампаніі “Альтэрнатыўная (грамадзянская) служба” Міхась Пашкевіч.
На пачатку мэдыкі прызналі Андруся Цянюту, актывіста “Маладога фронту”, непрыдатным да службы ў войску з-за скаліёзу й плоскаступнёвасьці. Гарадзкі ваенкамат накіраваў актывіста на новую мэдычную камісію ў абласны шпіталь, дзе яго прызналі прыдатным да вайсковай службы.
Спадар Цянюта напісаў заяву, што жадае прайсьці альтэрнатыўную службу. Ваенкамат у асобе выканаўцы абавязкаў ваенкама Івашкова спаслаўся на ўказ кіраўніка дзяржавы № 228, у якім альтэрнатыўная служба не прадугледжана. Цянюта зьвярнуўся ў Савецкі раённы суд Гомеля. Аднак судзьдзя Юры Жораў ня стаў разглядаць справу. Маўляў, трэба прайсьці дасудовы разгляд справы — скардзіцца ў абласны ваенкамат. І наагул, трэба абскарджваць дзеяньні не ваенкамату, а прызыўной камісіі.
І вось зараз калегія абласнога суду паправіла раённы суд.