viasna on patreon

Віцебскі апазіцыянер Уладзімер Плешчанка аштрафаваны за распаўсюд партыйнае літаратуры паводле артыкулу “дробнае хуліганства”.

2005 2005-10-28T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Памер грашовага штрафу, які прысудзіў віцебскаму сябру КХП БНФ судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Юры Ўрбан, складае адну базавую велічыню —25 тысяч 500 рублёў.

Міліцыянты, якія затрымалі апазыцыянэра, абвінавацілі яго ў тым, што ён абражаў віцебскіх мінакоў, стоячы каля дома №28 па вуліцы Леніна – на тым месцы, дзе ён звычайна распаўсюджвае партыйны бюлетэнь “Беларуская салідарнасьць”.

Нікога з пакрыўджаных мінакоў, за якіх нібыта заступіліся міліцыянты, у судзе не было. Адзіным сьведкам быў той самы супрацоўнік міліцыі, які затрымліваў Уладзімера Плешчанку. Ягоныя словы пра тое, што, маўляў, “Плешчанка заўсёды сябе дрэнна паводзіць, ён выходзіць са сваімі газэтамі, і з ім нічога няможна зрабіць, бо ён не баіцца міліцыі” суд улічыў у якасьці галоўнага аргумэнта супраць апазыцыянэра.

Судзьдзя прызнаў спадара Плешчанку вінаватым у дробным хуліганстве, хаця распаўсюд газэт пад гэты артыкул ніякім чынам не падпадае.

Зважаючы на тое, што Ўладзімер Плешчанка ўжо мае некалькі мільёнаў нясплачаных штрафаў, 25 з паловай тысяч рублёў – гэта самае малое грашовае пакараньне за апошнія некалькі гадоў. Аднак, паводле словаў апазыцыянэра, яно і самае абразьлівае, бо вынесенае, фактычна, толькі таму, што міліцыянтам не падабаецца ягоная прысутнасьць у цэнтры Віцебску.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства