viasna on patreon

Дзяўчына Дубскага: Вельмі ўдзячная салідарным

2009 2009-12-16T17:31:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dziauchyna_dubskaga.jpg
Таццяна Касянчук

Таццяна Касянчук

16 снежня у Беларусі ды суседніх дзяржавах адзначаюць Дзень салідарнасці з сем’ямі зніклых палітыкаў, а таксама тымі, хто у нашай краіне за сваю грамадзянскую пазіцыю церпіць пераслед уладаў. У гэты марозны зімовы дзень 22-гадовы актывіст Маладога фронту Арцём Дубскі вымушаны знаходзіцца ў папраўчай калоніі ў Магілёве.
У 2008 годзе хлопец быў пакараны двума гадамі абмежавання волі паводле сумнавядомай “справы 14-ці моладзевых актывістаў”. Усіх іх абвінавацілі ў арганізацыі акцый пратэсту прадпрымальнікаў. Паводле гэтага пакарання, Арцём Дубскі мусіў кожны панядзелак адзначацца ў міліцыі каб засведчыць, што ён не пакінуў межы гораду, а таксама быць кожны вечар дома пасля 19 гадзіны.
Пасля гэтага часу маладафронтавец ня мог пакідаць межы сваёй кватэры, а тксама наагул ня мог выязджаць з родных Асіповічаў. Міліцыянты ж увесь час палохалі хлопца новай крымінальнай справай за ягоную актыўную дзейнасць, у выніку чаго Арцём быў вымушаны з’ехаць на Украіну. 13 лютага ён вярнуўся, быў зняты з цягніка на мяжы і накіраваны ў Бабруйскі следчы ізалятар.
Сёння, у Дзень салідарнасці я гутару з дзяўчынай Арцёма Таццянай Касянчук.

– Спадарыня Таццяна, перш наперш распавядзіце, калі ласка, як і пры якіх умовах Вы пазнаёміліся з Арцёмам, што Вы убачылі ў гэтым чалавеку?
– З Арцёмам мы пазнаёміліся каля году таму. З-за палітычнага пераследу ён вымушаны быў з’ехаць на Украіну. У нас у Кіеве была газета, якую раздавалі каля метро вялікімі накладамі, і я працавала ў той газеце, а Арцёму тады вельмі спадабалася ідэя таго, што пятнаццаць чалавек у свабоднай краіне вось так лёгка могуць забяспечыць увесь Кіеў сваімі газетамі. Арцёму казаў, што у Беларусі такога няма – маю на увазе незалежнай прэсы – і ён прыйшоў да нас. Мы пачалі актыўна кантактаваць, а потым спадабаліся, напэўна, адно аднаму і пачалі сустракацца, хадзілі разам у кіно і так далей.
Апошні раз мы бачылі з Арцёмам на ягоным судзе, 7 ліпеня гэтага году, калі яму далі год турэмнага зняволення. Цяпер мы вельмі часта перапісваемся з маім хлопцам, дасылаем адзін аднаму лісты, я распавядаю яму навіны, пішу пра сябе. Апроч гэтага, дзякуючы Арцёму, я завязала вельмі цёплыя стасункі з беларускімі актывістамі – сябрамі і сяброўкамі Арцёма. Яны таксама мне вельмі часта пішуць з Беларусі, распавядаюць навіны, падтрымліваюць мяне.

– Вы казалі, што кожны тыдзень а часам і штодзённа пішаце Арцёму за краты. Ці даходзяць гэтыя лісты і наколькі цяжка ідзе карэспандэнцыя з самога Магілёва?
– Як не дзіўна, з таго часу, калі Арцёма перавялі ў калонію ў Магілёў, да мяне даходзяць абсалютна усе ягоныя допісы, хоць раней, калі ён быў у СІЗА ў Бабруйску, я атрымлівала роўна чацвёртую частку яго лістоў. Праўда тэрмін гэтай карэспандэнцыі звычайна 10-15 дзён. Што да зместу пісьмаў, то зразумела, што нічога пра умовы утрымання ён мне не піша – думаю, тыя лісты, дзе пра гэта было напісана, як раз і не даходзілі да мяне. Піша у асноўным пра сябе, пра здароўе, якое, дарэчы, не такое ўжо добрае. Пра галадоўку пісаў...
– Наколькі я разумею, Таццяна, Вы ўсё жыццё пражылі на Украіне і мелі вельмі размытыя уражанні пра палітычную сітуацыю на Беларусі і наагул пра нашу краіну. Цяпер яны змяніліся?
– Цяпер я ведаю пра Дзень салідарнасці. Наагул, я вельмі удзячная зараз усім тым, хто выходзіць, і ізноў выйдуць сёння на вуліцы сваіх гарадоў у Беларусі, каб нагадаць пра палітычных вязняў і зніклых людзей. Захапляюся вашай мужнасцю і вельмі спадзяюся, што калі-небудзь у правядзенні такіх у вас усё ж адпадзе патрэба.
Першы раз я была ў Беларусі 14 лютага гэтага году. Тады я яскрава і пабачыла, што такое дэмакратыя па-беларуску, калі людзей збівалі, кідалі на зямлю, рвалі адзенне і сцягі. Вельмі не хочацца, каб гэта паўтаралася. Як на Украіне, так і на Беларусі. Таму яшчэ раз падзякуй усім тым, хто, нягледзячы на мароз, сёння ўсё ж выйдзе на плошчу ў Менску.

Гутарыў Барыс Гарэцкі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства