«Дадзенае паведамленне не адпавядае сапраўднасці…»
16 лістапада на адрас Рэдакцыі газеты «Наша Ніва» Міністэрствам інфармацыі быў накіраванае папярэджанне аб недапушчальнасьці парушэння артыкула 34 Закона РБ “Аб сродках масавай інфармацыі.
Парадокс сітуацыі ў тым, што ў абгрунтаванні папярэджання міністр спасылаецца на пісьмо Міністэрства аховы здароўя, між тым матэрыялы, апублікаваныя ў газеце, акурат і даказвалі, што Міністэрства аховы здароўя не дае поўнай і даставернай інфармацыі пра санітарна‑эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, колькасць выпадкаў захворвання на свіны грып і пнеўманію, у тым ліку з летальным зыходам.
Нагадаем, што па стане на 3 лістапада, дзень здачы нумара ў друк, галоўная санітарная доктарка краіны адмаўляла наяўнасць смяротных выпадкаў у выніку ўскладнення вірусных інфекцый. Між тым, на момант здачы нумара ў друк незалежныя СМІ мелі копіі вынікаў медыцынскіх экспертыз аб прычынах смерці людзей, дзе чорным па белым было пазначана, што яны памерлі ад крайне цяжкай формы пнеўманіі і ў памерлых была выяўлена РНК віруса грыпу A/H1‑swine. Дарэчы, копія аднаго з такіх данясенняў (а іх у распараджэнні было некалькі) была надрукавана ў якасці фотаілюстрацыі да артыкула, за цытату з якога «Нашай Ніве» было вынесена папярэджанне.
Гэтае данясенне было складзена 26 кастрычніка, а выслана, у тым ліку на адрас галоўнай санітарнай доктаркі Качан В.В., 28.10. А яшчэ 2.11 Качан В.В. праз дзяржаўныя СМІ паведамляла, што ў Беларусі няма эпідэміі грыпу А/Н1N1 і нічога не паведамляла пра выпадкі смерці ў выніку яго. Між тым, па нашай інфармацыі, пік ускладненняў прыпаў на канец кастрычніка і першыя дні лістапада.
У сувязі з вышэйпазначаным журналісты газеты прыйшлі да высновы, што органы Міністэрства аховы здароўя не давалі праўдзівай і даставернай інфармацыі. Мы вымушаны былі грунтавацца на інфармацыі, атрыманай з крыніц сярод медыцынскіх работнікаў краіны.
«Наша Ніва» апублікавала ўзважаны артыкул на гэтую тэму. У ім, у прыватнасці, гаварылася: «Пакуль зарана казаць, ці беларускія дактары маюць справу толькі са свіным грыпам, ці таксама з іншым варыянтам віруснай інфекцыі. Характэрна толькі тое, што сёлетняя інфекцыя распаўсюдзілася надзвычайна рана як для грыпу і, у невялікай колькасці выпадкаў, дае сур’ёзныя ўскладненні ў выглядзе хуткацечных пнеўманій».
Вядома, органы аховы здароўя могуць прызнаваць вірусныя інфекцыі і выкліканыя імі пнеўманіі прычынай смерці — як гэта робіцца ва Украіне, Расіі і Польшчы, а могуць не прызнаваць. Урэшце, кожны чалавек памірае ад спынення сэрца. Вось і ў №44 газеты мы прыводзім гісторыю Сяргея Коршака, які памёр у выніку грыпу, ускладненага пнеўманіяй. А афіцыйная прычына смерці гучала: сардэчна‑лёгачная недастатковасць (старонкі 1, 5).
Супрацьпраўна хаваць ад грамадства жыццёва важныя для яго звесткі, асабліва такія, што тычацца пашырэння вірусных інфекцый. У адпаведнасці з арт. 14 Закона РБ «Аб дзяржаўных сакрэтах» не можа быць сакрэтнай інфармацыя, важная для захавання здароўя грамадзян і датычная эпідэміялагічных сітуацый. Больш за тое, хаваць рэальны стан справаў — кашчунна ў адносінах да памерлых.
Мы маем права шукаць інфармацыю не толькі ў афіцыйных, але і ў неафіцыйных крыніцах. Мы маем права на правядзенне журналісцкіх расследаванняў.
Мы настойваем і абсалютна ўпэўненыя, што інфармацыя, апублікаваная ў «НН», праўдзівая, а вось звесткі, якія афіцыйна прыводзілі органы аховы здароўя, — няпоўныя.
Упэўніваем Вас, што журналіст прыняў усе магчымыя меры, каб праверыць атрыманую інфармацыю. Тое, што яна адпавядае рэчаіснасці, пацвярджаецца:
1. дакументам, які надрукаваны ў якасці фотаілюстрацыі да артыкула;
2. звесткамі ад супрацоўнікаў медычных установаў, імёны якіх мы не маем права называць згодна з артыкулам 39 закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама надрукаваных у шэрагу сродкаў масавай інфармацыі;
3. сярэднімі дадзенымі аб смяротнасці ў Беларусі, у тым ліку і тымі, якія надалей выказваліся афіцыйнымі асобамі (звяртаем Вашу ўвагу, што лічбавыя дадзеныя, якія прыведзеныя ў артыкуле: «па стане на пятніцу, 30 кастрычніка, у краіне зафіксавана 39 смерцяў, з іх 9 у Мінску», — тычацца кастрычніка, а не аднаго дня).
Мы звярнуліся да Міністэрства аховы здароўя і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама з лістом наступнага зместу:
«Міністэрству аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Намесніцы міністра аховы
здароўя, галоўнаму санітарнаму доктару Рэспублікі Беларусь Качан В.І.
Камітэту па ахове здароўя Мінгарвыканкама
газеты «Наша Ніва»
Запыт
У адпаведнасці з арт. 34 Закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» і арт. 14 Закона РБ «Аб дзяржаўных сакрэтах»
просім
1. Прадаставіць інфармацыю аб агульнай колькасці памерлых ад пнеўманіі ў Беларусі ў цэлым і ў Мінску на працягу кастрычніка 2009 года.
2. Прадаставіць магчымасць азнаёміцца з унутранай перапіскай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама на тэму развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і горадзе Мінску за перыяд з 20.10 да 10.11.2009».
Пасля атрымання адказу на наш зварот да Міністэрства аховы здароўя і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама мы яшчэ раз вернемся да абмеркавання сітуацыі, звязанай з надрукаваннем артыкула, які стаў нагодай вынясення папярэджання.
На жаль, на момант напісання дадзенага ліста мы не маем адказаў з вышэйпазначаных інстанцый.
У канцы кастрычніка — пачатку лістапада склалася незвычайная сітуацыя. Мінск літаральна кіпеў ад чутак, звязаных з хваляй грыпу. А афіцыйныя кіраўнікі органаў аховы здароўя адмаўлялі наяўнасць любых праблем. Наша ўвага да гэтай тэмы была абгрунтаваная абаронай правоў нашых чытачоў. Калі б не розгалас вакол праблемы, узняты СМІ, сумнеўна, што грамадства і сёння мела б афіцыйныя звесткі па статыстыцы захворванняў.
Запэўніваем, што «Наша Ніва» будзе публікаваць выключна даставерную інфармацыю.