viasna on patreon

Закон аб беларусах замежжа: пачынаем з чыстага ліста?

2009 2009-11-26T19:20:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zbs.jpg
Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

У сваім адказе Нацыянальны цэнтр прапанаваў “Бацькаўшчыне” ізноў даслаць “магчымыя прапановы па рэгламентацыі прававога становішча беларусаў замежжа” і паведаміць кандыдатуру для ўключэння ў склад рабочай групы па распрацоўцы закона. Таксама ў лісце адзначана, што Нацыянальным цэнтрам заканадаўства “вывучаецца пытанне аб распрацоўцы праекта Закона Рэспублікі Беларусь “Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой”, аднак не пазначана, ні калі мяркуецца стварэнне вышэйазначанай Рабочай групы, ні калі ўзновіцца праца над законапраектам.

Нагадаем, што “Бацькаўшчына” падымае пытанне аб прыняцці закона ўжо з 2001 года. Тады ж прадстаўнікі Юрыдычнай камісіі Згуртавання бралі ўдзел у працы

Рабочай групы пры згаданым Нацыянальным цэнтры і выйшлі з шэрагам прынцыповых заўваг і прапановаў, якія грунтаваліся на пажаданнях беларускіх суполак замежжа. На жаль, праца над законапраектам была спынена і яго разгляд, запланаваны на восень 2002 года, не адбыўся. З просьбай паскорыць прыняцце закона, а таксама канкрэтнымі прапановамі да яго, звярталіся да Ураду і Нацыянальнага сходу ўдзельнікі Чацвёртага і Пятага з’ездаў беларусаў свету (2005, 2009 г.).

Як адзначыла Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады “Бацькаўшчыны”: “Мы спадзяемся, што атрыманы ад Нацыянальнага цэнтру заканадаўства адказ – сведчанне таго, што дзяржава ўсё-ткі вяртаецца да пытання прыняцця закона і што гэтым разам праца ў гэтым накірунку не будзе спыненая, як раней. У лісце да Палаты Прадстаўнікоў мы не толькі звярталіся з тым, каб улічыць праект закона, што быў прыняты на Пятым з’ездзе, але і прапанавалі сваю дапамогу  – арганізацыю абмеркавання законапраекта ці яго канцэпцыі ў беларускіх суполках замежжа”.

Кіраўнік “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская падкрэсліла: “З моманту першага абмеркавання законапраекта дзяржаўнымі органамі прайшло 9 гадоў. Увесь гэты час мы гублялі чалавечы патэнцыял, асяродкі беларускай культуры, каштоўныя архівы – частку нашай агульнанацыянальнай культурнай і гістарычнай спадчыны. Гублялі мы ўсе – і дзяржава, і грамадскасць. Прыняцце закона – гэта важны стратэгічны і іміджавы крок для беларускай дзяржавы, які дазволіць замарудзіць працэсы асіміляцыі, актывізаваць патэнцыял беларускага замежжа. І неабходна, каб гэты крок быў нарэшце зроблены. Мы маем справу з людзьмі, якія доўгі час чакаюць ад дзяржавы канструктыўных рашэнняў, і чарговая дэкларацыя тут хутчэй нашкодзіць. Таму вельмі важна, каб дзяржава пачала рабіць рэальныя крокі насустрач беларускай дыяспары”.

 

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства