"Гомельская праўда" ігнаруе конкурс пра правы чалавека
Актывіст Руху "За Свабоду" атрымаў адмову на прапанову надрукаваць у мясцовым СМІ інфармацыю пра конкурс, прысвечаны дню прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Конкурс праводзіць Гомельскае гарадское аддзяленне РГАА "Прававая ініцыятыва".
Актывіст Руху "За Свабоду", старшыня Гомельскае гарадское аддзяленне РГАА "Прававая ініцыятыва" Леанід Судаленка прапанаваў гарадской газеце "Гомельская праўда" надрукаваць абвестку пра правядзенне конкурсу.
Намеснік галоўнага рэдактара ў сваім лісце паведаміў праваабаронцу, што газета друкуе толькі інфармацыю пра конкурсы, якія ладзяць заснавальнікі выдання.
На конкурс РГАА "Прававая ініцыятыва", які прымеркаваны да 10 снежня − Дню прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека − прымаюцца творчыя працы (эсэ, рэфераты, даклады), якія зацвярджаюць прынцыпы павагі да правоў і свабодаў чалавека, універсальных агульначалавечых каштоўнасцяў, якія зафіксаваныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншых міжнародных і беларускіх дакументах.