Жыхар Смаргоні скардзіцца ў Камітэт па правах чалавека ААН
Жыхар Смаргоні пенсіянер Віктар Іванавіч Кавалеўскі накіраваў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека, які месціцца ў Жэневе (Швейцарыя).
У скарзе ён адзначыў, што гаражна-будаўнічы вытворчы кааператыў №3 горада Смургоні праз суд спагнаў з яго сяброўскія ўнёскі, хаця сябрам гэтага кааператыва ён не з’яўляецца, бо на ўстаноўчым сходзе не прысутнічаў і заяву аб прыняцці ў сябры кааператыва не падаваў.
Але суд Смаргоньскага раёна іск задаволіў. Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю, ён спаслаўся на тое, што сяброўства Кавалеўскага В.І. у ГБВК-3 пацвярджаецца ўдакладненым спісам, які зацверджаны Смаргоньскім райвыканкамам. А ў сябры каааператыва гэты грамадзянін уключаны зыходзячы з таго факта, што да моманту стварэння кааператыва на яго тэрыторыі Кавалеўскім В.І. ўжо быў з дазволу ўладаў пабудаваны ўласны гараж.
З такімі довадамі суда заяўнік не пагаджаецца і лічыць, што ў дадзеным выпадку парушана ягонае канстытуцыйнае права на свабоду асацыяцыі (аб’яднання). Але звароты ў вышэйстаячыя суды, у тым ліку Вярхоўны, да станоўчага выніку не прывялі. Таму Віктар Кавалеўскі папрасіў Камітэт ААН па правах чалавека ўстанавіць факт парушэння Рэспублікай Беларусь артыкула 22 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэты артыкул абавязвае дзяржавы-сябры ААН забяспечваць свабоду асацыяцыі.