«Нашай Ніве» афіцыйна патлумачылі, за што папярэдзілі
Падставай для атрымання папярэджання стаў артыкул «Замоўчванне грыпу выклікала эпідэмію панікі», які быў надрукаваны ў нумары 41 ад 4 лістапада.
У паведамленні Міністэрства інфармацыі за подпісам міністра Уладзіміра Русакевіча паведамляецца, што ў адпаведнасці з артыкулам 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» журналіст сродку масавай інфармацыі абавязаны правяраць сапраўднасць атрыманых ім звестак для распаўсюджвання дакладнай інфармацыі.
Між тым, на думку чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі, статыстыка колькасці захварэлых і памерлых ад пнеўманіі ў Мінску, якая прыводзіцца ў артыкуле, «не адпавядае рэчаіснасці». Аб гэтым 12 лістапада Міністэрству інфармацыі паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Мінінфармацыі патрабуе ліквідаваць у дзесяцідзённы тэрмін парушэнне закона і паведаміць аб прынятых мерах чыноўнікам.