Леанід Козік правядзе маніфістацыю ў абарону Тацьцяны Шапуцькі
Аб гэтым старшыня "Савету фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі" паведаміў на паседжаньні "Форуму Ўсходняга партнэрства".
16-17 лістапада ў Брусэлі праходзіць паседжаньне "Форуму Ўсходняга партнэрства", на якім Малады Фронт прадстаўляе прэс-сакратар МФ Тацьцяна Шапуцька. У дзень адкрыцьця форуму Тацьцяне стала вядома, што кіраўніцтва Юрыдычнага факультэту БДУ, дзе яна навучаецца, заявіла аб мажлівым адлічэньні яе з вучобы. Прычынаю гэткіх заяваў намесьніка дэкана Юрыдычнага факультэту БДУ Андрэя Шыдлоўскага сталася як раз паездка Тацьцяны Шапуцькі на "Форум Усходняга партнэрства". Як паведамілі Тацьцяне яе аднакурсьнікі, дэканат Юрыдычнага факультэту паставіў на асаблівы ўлік усю групу, у якой яна навучаецца. Саму Тацьцяну дэканат выклікаў на адмысловае паседжаньне ў чацьвер.
Калі аб гэтых дзеяньнях кіраўніцтва БДУ стала вядома беларускай дэлегацыі на "Форуме Ўсходняга партнэрства", прадстаўнік Эўракамісыі і мадэратар беларускай дэлегацыі Смолар Яўгеніюс задаў пытаньне аб мажлівым адлічэньні Тацьцяны Шапуцькі з вучобы Леаніду Козіку. На гэта старшыня "Савету фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі" адказаў, што ў выпадку адлічэньня Тацьцяны Шапуцькі з вучобы асабіста арганізуе маніфэстацыю ў цэнтры Менску.
Будзем спадзявацца, што Леанід Козік не адмовіцца ад сваіх слова па прыезьдзе ў Беларусь і зоймецца непасрэдным выкананьнем сваіх прафсаюзных абавязкаў - абаронаю правоў беларускіх грамадзянаў.