“Дзяды Марозы” атрымалі адказ з Генэральнай пракуратуры
У выпадку ўстанаўленьня дадзеных аб сыстэмным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасьці. Пра гэта паведамляецца ў лісьце Генэральнай пракуратуры за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзянаў П.У. Радыёнава.
Нагадаем, у кастрычніку група Дзядоў Марозаў добраахвотна здалася ў генэральную пракуратуру. Удзельнікі хэпенінгу аднесьлі заяву, у якой ня толькі прызналіся ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі цягам шматгадовага пэрыяду, але і папрасілі даць прававую ацэнку іх «дзедамарознай справе». Маўляў, штогод Дзяды Марозы «арганізоўваюць сьвяткаваньні Калядаў і Новага году ў розных населеных пунктах Беларусі, распаўсюджваюць калядныя і навагоднія падарункі (у тым ліку сярод непаўнагадовых), выступаюць на сходах, у сродках масавай інфармацыі зь віншаваньнямі й найлепшымі пажаданьнямі”.
У лісьце да Дзедаў Марозаў супрацоўнікі пракуратуры ў чарговы раз нагадалі, што дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца. А таксама адзначылі, што “пры ўстанаўленьні дакладных дадзеных аб сыстэмным і арганізаваным удзеле грамадзянаў у незаконнай дзейнасьці незарэгістраванага грамадзкага аб'яднаньня” можа быць разгледжанае пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці.
Разам з тым, як заўважае юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў, у сваім лісьце пракуратура не зьвярнула ўвагу на яўку з павіннай Дзядоў Марозаў. “Па сутнасьці, мы тут бачым простае выкладаньне нормаў беларускага заканадаўства аб грамадзкіх аб'яднаньнях. На мой погляд, пракуратура вырашыла не разглядаць прававую сытуацыю, якая паўстала ў выніку гэткай дэманстрацыі абсурднасьці артыкула 193-1”, - зазначыў Юрый Чавусаў. “Зь іншага боку, -- мяркуе юрыст, -- пракуратура адзначае, што пры наяўнасьці сыстэмнага і арганізаванага супрацоўніцтва грамадзянаў у незарэгістраваных арганізацыях праваахоўныя органы могуць прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Так што з фармальнага пункту гледжаньня пытаньне аб крымінальнай адказнасьці Дзедаў Марозаў напэўна зноў паўстане бліжэй да Новага Году”.
Нагадваем, што па артыкуле 193.1 (“Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці”) за 4 гады было асуджана 17 чалавек. Артыкул працягвае дзейнічаць.