viasna on patreon

У Менску запалілі феерверк у гонар беларускіх палітвязняў

2009 2009-11-11T13:18:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2009-11-11-minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Відовішчная акцыя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў прайшла ўвечары 10 лістапада ў цэнтры Менска.

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» павесілі транспарант «Свабоду палітвязням» на мосце над вуліцай Няміга. Таксама моладзевыя актывісты запалілі феерверк.

Мінакам, якія знаходзіліся на прыпынках грамадскага транспарта паабапал вуліцы, было раздадзена каля ста ўлётак з інфармацыяй пра беларускіх палітвязняў і заклікам прыйсці на акцыю салідарнасці, якая адбудзецца 16 лістапада ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Нагадаем, што ў беларускіх турмах знаходзяцца актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка.

Арцём Дубскі 7 ліпеня 2009 года быў прысуджаны да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за парушэнне правілаў адбыцця пакарання па «справе 14-ці». Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» у 2009 годзе прызнала ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» Вязнямі сумлення.

8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. 18 лютага ваўкавыскім прадпрымальнікам было прад'яўлена абвінавачванне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці). 23 чэрвеня ў дачыненні да Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асобаў» узбуджаная справа па арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13).

Лявонава вызвалілі з менскага следчага ізалятара 8 жніўня. 24 верасня з яго былі знятыя ўсе абвінавачванні. Аўтуховіч і Асіпенка працягваюць знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Менска.

Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязнямі, звяртаючы ўвагу на тое, што Аўтуховіч і Лявонаў раней ужо былі асуджаныя і прызнаныя міжнароднай супольнасцю вязнямі сумлення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства