Палітычнае рашэнне аб будаўніцтве АЭС у Астраўцы прынята
Больш таго, яно не з’яўляецца тэмай грамадскіх абмеркаванняў! Так заяўляе Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь у адказах на скаргі, якія атрымліваюць з міністэрства беларускія грамадзяне.
Як паведамляе europeanbelarus.org, раней некалькі сотняў беларусаў накіравалі ў Міністэрства энэргетыкі лісты з патрабаваннем адмяніць будаўніцтва АЭС у Астраўцы па прычынах эканамічнай немэтазгоднасці і неаб'ектыўнай ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе.
Свае патрабаванне аўтары матывуюць спасылкамі на «Крытычныя заўвагі да «Заявы аб магчымым уздзеянні на навакольнае асяроддзе беларускай АЭС», падрыхтаваныя Беларускай партыяй «Зялёныя», рухам «Навукоўцы за бяз'ядзерную Беларусь», групай «Экозащита!» (Расія), ГА «Экадом» (Беларусь); навуковыя манаграфіі і афіцыйныя дакументы.
У адказе Мінэнэргетыкі палемізуе з аўтарамі скарг, прыводзячы довады на карысць будаўніцтва АЭС, паведамляе, што рашэнне аб будаўніцтве АЭС было прынята ў студзені 2008 года Саветам бяспекі РБ з улікам эканамічных, экалагічных і сацыяльных наступстваў такога рашэння.
Але галоўны аргумент міністэрства ўтрымліваецца ў канцы адказу: «Звяртаем Вашу ўвагу, што палітычнае рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь прынята, і не з'яўляецца тэмай грамадскіх абмеркаванняў», – гаворыцца ў адказе.