За мову - зьбіваюць і затрымліваюць
Зьбіраць подпісы ў падтрымку роднай мовы - няўдзячная справа ў нашай краіне. На сабе гэта ўжо адчулі актывісты Баранавіцкай й Карэліцкай філіі "Маладога Фронту".
У чацьвер увечары ў Баранавічах падчас збору подпісаў пад зваротам у абарону беларускай мовы невядомыя людзі зьбілі мясцовых маладафронтаўцаў Максіма Ахрыменка й Юрыя Багдановіча.
"Мы ўдвух зьбіралі подпісы ў мінакоў, як да нас падыйшлі чацьвёра невядомых людзей у цывільным. Яны запыталі, ці мы зьяўляемся маладафронтаўцаўмі, а калі пачулі станоўчы адказ - ударылі нас. Паміж намі ўзьнікла невялікая бойка, праўда, яны хутка зьбеглі", - распавядае Максім Ахрыменка.
Па словах юнака, калі нарад ППС, што патруляваў вуліцу, пабачыў бойку, ППСаўцы павернуліся й пайшлі ў іншы бок.
У Карэлічах міліцыянт затрымаў актывіста "Маладога Фронту" Адруся Ляўковіча за тое, што той зьбіраў подпісы ў кватэрах.
"Міліцыянт, што жыў у гэтым пад'езьдзе, пабачыў мяне зь блянкамі ў руках і выклікаў нарад міліцыі. Напачатку мяне абвінавачвалі ў дробным хуліганстве - што я быццам бы прыставаў да жыхароў, але я патлумачыў, што подпісы людзі ставілі дабраахвотна. У РАЎСе са мною вёў гаворку замначальнік установы. Ён прызнаў, што ў маіх дзеяньнях не было складу правапарушэньня й ня стаў складаць пратакол, але выклікаў маіх бацькоў і правёў прафіялктычную размову зь імі ў стылі БТ - "пакуль ваш сын ня робіць нічога злачыннага, але хутка яго пачнуць вазіць у Менск учыняць масавыя беспарадкі й пагромы", - гаворыць Андрусь Ляўковіч.
Нагадаем, раней падобныя затрыманьні за збор подпісаў у падтрымку беларускай мовы адбываліся ў Менску й двойчы - у Баранавічах.