Абваленая вежа Валадаркі трапіла на вокладку кнігі
Cёньня ў сядзібе БНФ у Менску адбудзецца прэзэнтацыя кнігі “Палітвязьні: Крымінальныя прысуды, вынесеныя ў 2008 годзе па палітычных матывах”, падрыхтаванай з удзелам незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна”.
Кніга апавядае пра 17 герояў самых гучных працэсаў летась. 14 зь іх гэта фігуранты “працэсу 14-ці”, якія былі пакараныя за ўдзел у пратэстах прадпрымальнікаў. А таксама Сяргей Парсюкевіч, Кацярына Салаўёва і Аляксандар Зьдзьвіжкоў. На вокладцы кнігі выява разбуранай вежы турмы на вуліцы Валадарскага. Апавядае ўкладальніца кнігі Алена Лапцёнак:
“Паколькі кніга пра палітвязьняў, то вырашана было зьмясьціць на вокладцы такі добры здымак, які зрабіла Юля Дарашкевіч, абвал вежы Валадаркі. Ён як бы сымбалізаваў тое, што, фактычна, набліжаецца канец эпохі палітвязьняў, бо так таго патрабуе і беларуская грамадзкасьць, і міжнародная дэмакратычная супольнасьць. Па “працэсу 14-ці” за краты трапіў толькі Андрэй Кім, але тым ня менш “Міжнародная амністыя” прызнала яшчэ 11 фігурантаў справы палітвязьнямі”.
Пра палітвязьняў у кнізе распавядаюць журналісты. Некаторыя зь іх, як студэнт журфаку БДУ, выступаюць пад псэўданімамі. У зборніку зьмешчаныя фотаздымкі і некаторыя дакумэнты, зьвязаныя з судовымі працэсамі. Паводле Алены Лапцёнак, папярэдніцай гэтага выданьня была кніга “Прага вясны. Крымінальныя прысуды ў 2007 годзе па палітычных матывах”.
“Паколькі палітвязьні адыгрывалі значную ролю ў гандлі беларускага кіраўніцтва з Захадам, то ў адрозьненьне ад мінулага году, зьмянілася тактыка прыцягненьня дэмакратычных актывістаў да крымінальнай адказнасьці. Выкарыстоўваліся не палітычныя артыкулы Крымінальнага кодэксу. Калі ў той кнізе бальшыня пакараных былі прыцягнутыя за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі па палітычным артыкуле крымінальнага кодэксу 193-1, то ў 2008 годзе моладзевыя актывісты, якія былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у масавых мерапрыемствах, нібыта за “масавыя беспарадкі”.
Удзел у прэзэнтацыі возьмуць героі кнігі і аўтары артыкулаў. Алена Лапцёнак адзначыла:
“Гэта ня толькі прэзэнтацыя кнігі, але і абмеркаваньне сучаснай сытуацыі, бо нават на сёньняшні дзень справы па “працэсу 14-ці” не скончаны. Яны цягнуцца. Так, напрыклад, чакаецца перагляд справы Алеся Стральцова, бо ён падаваў на амністыю, яму адмовілі, а пасьля Вярхоўны суд адмяніў гэты прысуд і накіраваў на новы перагляд”.