Як бабулькі збіралі грыбы ўтрох, яўна парушаючы закон
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб’яднаняў працягвае кампанію «Стоп 193.1» («За свабоду аб’яднанняў»), якая выступае за скасаванне ганебнага артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі. На сайце арганізацыі з’явіліся мультфільмы, якія высмейваюць абсурднасць прымянення артыкула 193.1, прадугледжваючага адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Героі новых мультаў – бабулькі-збіральніцы грыбоў і студэнты напярэдадні іспытаў – трапляюць у поле зроку праваахоўнікаў як прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі. А злачынцы наадварот, маючы пасведчанне аб рэгістрацыі, працягваюць сваю дзейнасьць, паведамляе прэс-служба Асамблеі НДА.
На дадзены момант да ініцыятывы «Стоп 193.1» далучыліся дзясяткі беларускіх і замежных аб’яднанняў. Сярод мерапрыемстваў у межах кампаніі – тэматычныя заявы да дзяржаўных інстытуцый і пракуратуры, звароты замежных арганізацый да беларускіх парламентароў.
– Кампанія «Стоп 193.1» была арганізаваная напрыканцы вясны 2009 года, – распавяла «Салідарнасці» кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец. – Апошняе мерапрыемства ў нас было ў Варшаве падчас канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні. Там мы казалі пра тое, як узнік гэты артыку, пра важнасць тэмы. Зусім нядаўна ў Мінску прайшоў брыфінг для амбасадароў. У межах кампаніі некалькі тысяч зваротаў ад беларускіх грамадскіх актывістаў былі дасланыя ў Палату прадстаўнікоў. Да, у адказ прыходзілі розныя адпіскі… Але ж гэта кампанія ціску на беларускія ўлады, каб паказаць, што нашая грамадзяснкая супольнасць занепакоеная існаваннем артыкула 193.1. Таксама арганізатары кампаніі думаюць пра працяг мультфільмаў, абмяркоўваюць магчымыя сюжэты.
– Сёння, напрыклад, адзін энтузіяст даслаў нам змрочны мульт на гэтую тэму. Неўзабаве на нашым сайце з’явіцца ролік, які патлумачыць народу сутнасць артыкула 193.1 і чаму гэта можа тычыцца любога грамадзяніна нашай краіны.