viasna on patreon

Менская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне актывістам шэрагу нацыянальных меншасьцяў і рэлігійных канфэсіяў, якія ў жніўні накіравалі ліст на імя прэзыдэнта краіны ў абарону Анжалікі Борыс, старшыні Саюзу палякаў на Беларусі, непрызнанага ўладамі.

2005 2005-10-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта паведмляе http://www.belngo.info. Нагадаем, што 6 жніўня ў Менску адбыўся сход прадстаўнікоў нямецкай, польскай, украінскай, цыганскай і татарскай дыяспары, а таксама каталіцкай моладзі і Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Яны падпісалі зварот на імя прэзыдэнта краіны А. Лукашэнкі з патрабаваньнем «спыніць антызаконныя дзеяньні ў дачыненьні актывістаў і кіраўнікоў грамадзкага аб’яднаньня «Саюз палякаў на Беларусі» і распачаць дыялёг з удзелам законнага кіраўніцтва арганізацыі на чале са спадарыняй Анжалікай Борыс». З адміністрацыі прэзыдэнта адказу на зварот падпісанты не атрымалі. Але, як стала вядома ў пачатку кастрычніка, на даручэньне Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, пракуратура пачала праводзіць праверку.

Паводле актывіста цыганскага руху, праваабаронцы Міколы Калініна, нядаўна ўдзельнікі жнівеньскага сходу былі выкліканыя ў гарадзкую пракуратуру. Яго ж знайсьці не маглі (ён знаходзіўся на сэмінары ў Чэхіі) і таму абвесьцілі ў росшук. «Па вяртаньні я зьявіўся ў гарадзкую пракуратуру, да загадчыка аддзела нагляду за выкананьнем прававых актаў Паўла Елісеева, — распавядае М. Калінін. — Задаваліся пытаньні наконт майго ўдзелу ў сустрэчы 6 жніўня, мне закідалася, што я, нібыта, паўсюдна выступаю ад імя рэспубліканскай ГА «Беларуская цыганская дыяспара», хаця ніколі ад яе імя я не выступаў і ня меў да яе ніякіх адносінаў. Паводле Елісеева, на наступны дзень пасьля прыняцьця намі звароту ў рэспубліканскую пракуратуру прыйшоў кіраўнік гэтай арганізацыі Алег Казлоўскі з афіцыйнай скаргай на мяне і патрабаваньнем прыняць да мяне адпаведныя захады».

11 кастрычніка ўдзельнікі жнівеньскай сустрэчы атрымалі «Афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньняў Закону Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» за подпісам намесьніка пракурора г. Менску Н. Семіжона. Акрамя ўжо згаданага закіду ў выступах ад імя «Беларускай цыганскай дыяспары», М. Калініна абвінавацілі і ў выступленьні ад імя незарэгістраванай арганізацыі — міжнацыянальнай і міжканфэсійнай ініцыятывы «Згода». «Але і гэта не адпавядае сапраўднасьці, бо я ніколі не выступаў ад яе імя, — сьцьвярджае Калінін. — Больш таго, на тым сходзе не прымалася ніякіх праграмных дакумэнтаў, кансультацыі паміж удзельнікамі павінны былі працягвацца. Тым больш нечаканым для нас стала зьяўленьне на адным з сайтаў інфармацыі пра стварэньне ініцыятывы. А разьмясьціў яе ўдзельнік сходу Аляксандар Зялко, які абвесьціў сябе «выканаўчым сакратаром ініцыятывы», хаця яго ніхто не выбіраў».

Паводле М. Калініна, «нягледзячы на дзікі ціск на падпісантаў, ніхто сваіх подпісаў у абарону Анжалікі Борыс не адазваў і рабіць гэта не зьбіраецца».

«У дадзеным выпадку мы сталіся сьведкамі экстрэмальнага перасьледу па нацыянальнай прыкмеце. Нават не звычайнага перасьледу: чалавека проста прымушаюць адмовіцца ад сваёй нацыянальнасьці, ад сваёй нацыянальнай прыналежнасьці. Нібыта, сп. Калінін ня можа выступаць ад імя цыганскай дыяспары, да якой ён належыць», — так пракамэнтаваў сытуацыю праваабаронца Юры Чавусаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства