Ганну Бунько аштрафавалі цішком
Актывістку "Маладога Фронту" Ганну Бунько аштрафавалі на 175 тыс. рублёў за флэшмоб, прымеркаваны да 70-й гадавіны падпісаньня Пакта Молатава-Рыбэнтропа.
Нагадаем, 23 жніўня Ганна Бунько і Мікола Дземідзенка былі затрыманыя супрацоўнікамі Маскоўскага РАУСа Менска за тое, што юнакі прымацавалі вялізную каляровую карыкатуру "Камунізм = фашызм" на помнік Леніну, а таксама раздавалі інфармацыйныя ўлёткі.
9 кастрычніка Ганна Бунько атрымала пастанову адміністрацыйнай камісіі за подпісам старшыні камісіі Быкоўскай А.П з паведамленьнем пра штраф: адміністрацыйная камісія палічыла дзеяньні Бунько адпавядаючымі ч.2 арт. 21.14 КаАП- "парушэньне правілаў уладкаваньня населеных пунктаў" і прысудзіла моладзевую актывістку да спагнаньня штрафу ў памеры175 тысяч рублёў.
Сама Ганна Бунько не прысутнічала па прычыне таго, што дзяўчыне проста не паведамілі дату разгляду яе справы камісіяй.
"Зараз я нават абскардзіць прысуд не пасьпею, бо ў пастанове зазначана, што камісія адбылася 1 кастрычніка - папера йшла па горадзе фактычна тыдзень. Тэрмін жа абскарджваньня спагнаньня - 10 дзён", - паведаміла Ганна Бунько.