Мін’юст на канфэрэнцыі АБСЭ абяцаў адмену артыкулу 193-1
У Варшаве падчас штогадовай канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні праваабаронцы акцэнтуюць увагу на праблемах, зьвязаных зь Беларусьсю. Сёньня яны выкажуцца на тэму катаваньняў. Учора прадстаўнікі афіцыйнага Менску заявілі пра намер адмяніць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Прадстаўнікі праваабарончых і няўрадавых арганізацыяў ужо азнаёмілі ўдзельнікаў нарады з сытуацыяй вакол свабоды асацыяцыяў у Беларусі. Яны расказалі аб практыцы выкарыстаньня артыкулу Крымінальнага кодэксу 193-1 адносна сяброў незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. З дакладам на гэтую тэму выступіў таксама юрыст Валянцін Стэфановіч. Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў:
“Валянцін Стэфановіч канкрэтна гаварыў пра сытуацыю з рэгістрацыяй “Нашай вясны”. Ён казаў, што ўжо трэці раз Міністэрства юстыцыі адмаўляе ў рэгістрацыі, што гэта грубае парушэньне з боку беларускага ўраду міжнародных абавязаньняў і ўнутранага заканадаўства, і найперш канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў закраналіся яшчэ такія тэмы, як існаваньне рэпрэсіўнага, карнага артыкулу ў Крымінальным кодэксе, які тычыцца працы ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Адбываецца такі абмен інфармацыяй. Для няўрадавых арганізацыяў у гэтых штогадовых сустрэчах важнае тое, што мы маем права выступаць нароўні з прадстаўнікамі дзяржавы”.
Разам з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў зь Беларусі ў канфэрэнцыі АБСЭ ўдзельнічаюць і прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі.
“Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі афіцыйна заявіў, што цяпер Мін’юст разглядае пытаньне ўнясеньня зьменаў у Крымінальны кодэкс, яго перафарматаваньня, – расказаў Алесь Бяляцкі. – Адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі будзе перанесеная ў Адміністрацыйны кодэкс”.
Падчас канфэрэнцыі АБСЭ дэлегацыя Асамблеі няўрадавых арганізацыяў паўдзельнічае ў шэрагу прэзэнтацыяў, прысьвечаных сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Так, напрыклад, 8-га кастрычніка адбудзецца абмеркаваньне ролі грамадзянскай супольнасьці ў дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Нарада АБСЭ ў пытаньнях чалавечага вымярэньня – рэгулярны прадстаўнічы форум дзяржаваў-чальцоў АБСЭ і эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці. Падчас канфэрэнцыі цягам двух тыдняў аналізуецца стан выкананьня абавязаньняў, якія дзяржавы прынялі на сябе ў рамках АБСЭ.