viasna on patreon

Асамблея НДА не бачыць прагрэсу ў дачыненьні да грамадскіх арганізацый з боку дзяржавы

2009 2009-09-24T15:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/asamblejanda2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Асамблея дэмакратычных НДА Беларусі агучыла свае папярэднія ацэнкі дзеяньняў беларускіх уладаў па нармалізацыі становішча няўрадавых арганізацыяў у сьвятле заканчэньня чарговага пэрыяду прыпыненьня санкцыяў з боку Эўрапейскага Зьвязу.

 

Пад час брыфінгу для  прадстаўнікоў міжнародных місій і журналістаў 24 верасня кіраўнік Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч канстатаваў, што ў дачыненьні да трох пунктаў, на якіх настойваў Еўразвяз, а менавіта – адмена артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу, вырашэньне праблем з рэгістрацыяй грамадскіх арганізацый і ўвядзеньне ільготных ставак арэнды для іх,  прагрэсу не заўважаецца.

Юрыст Асамблеі НДА, палітолаг Юрый Чавусаў падрабязна прааналізаваўшы практыку рэгістрацыі грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партыяў за
сакавік-верасень 2009 году прыйшоў да высновы, што з боку Мінюста і іншых рэгіструючых органаў нічога не змянілася. З адмовамі ў рэгістрацыі сутыкаюцца шматлікія моладзевыя і праваабарончыя грамадскія аб’яднаньні. Толькі ў гэтым годзе было адмоўлена Асамблеі няўрадавых арганізацый, грамадскаму праваабарончаму аб’яднаньню “Наша Вясна” (двойчы), аб’яднаньню  “Берасцейская Вясна”(тройчы), моладзевым грамадскім аб’яднаньням “Маладыя сацыял-дэмакраты”, “Новы Курс”,  “Модэс” і дзесяткам іншым. У абсалютнай большасьці выпадкаў адмовы ў рэгістрацыі з’яўляюцца сумнеўнымі і відавочна абумоўленыя палітычнай воляй уладаў, якія імкнуцца не дапусьціць легальнага існаваньня НДА. Суды ж ніколі не задавальняюць скаргаў на рашэньні Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.

Прааваабаронца Валянцін Стэфановіч спыніўся на  крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў і практыцы выкарыстаньня артыкула 193-1 Крымінальнага Кодэксу. Толькі ў 2006 годзе ў Беларусі было ўзбуджана 5 крымінальных спраў па гэтым артыкуле, а да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадскай арганізацыі за перыяд дзейнасці гэтага артыкула прыцягнута 17 чалавек.  Наконт інфармацыі аб тым, што Мінюст разглядае магчымасьць замены крымінальнай адказнасьці па гэтым артыкуле на адміністратыўную, Валянцін Стэфановіч заявіў: “Мы супраць падобнай трансфармацыі, паколькі прапануецца пакінуць адказнасьць альбо толькі за дзейнасьць ад імя ліквідаваных арганізацый, альбо ўвесьці адміністратыўную адказнасьць”.

Кіраўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак распавёў пра Канцэпцыю разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, распрацаваную Асамблеяй НДА, падкрэсліўшы, што гэта  толькі агульныя прынцыпы, якія  закліканыя найперш зменшыць супрацьстаяньне паміж дзяржаваю і грамадствам, знайсьці шляхі супольнай канструктыўнай працы па дэмакратызацыі грамадства.

Кіраўніца Выканаўчага бюро Асамблеі НДА Алёна Валынец паведаміла пра мерапрыемствы, што праходзяць у межах  грамадзкай кампаніі «Стоп 193.1»;

Падводзячы рысу пад выступамі экспертаў Сяргей Мацкевіч падкрэсліў, што Асамблея НДА зрабіла толькі папярэдні аналіз выпрабаваўчага перыяду, які быў прапанаваны нашай краіне Еўразьвязам і што ў беларускіх уладаў застаецца яшчэ тры месяцы, каб зрабіць не дэкларатыўныя, а рэальныя крокі насустрач цывілізаванаму і дэмакратычнаму сьвету.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства