За ўсталяванне крыжоў – пад суд
19 верасня ў міліцыю выклікалі вілейскіх дэмактывістаў Уладзіміра Малерчука, Аляксея Сюдака і Алеся Наркевіча. На іх быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ім інкрымінуецца парушэнне Закону «Аб масавых мерапрыемствах» падчас усталявання крыжоў памяці рэпрэсаваных. На наступным тыдні справа будзе перададзена ў суд.
– Паколькі гэта справа палітычная, то вырак будзе абвінаваўчым, – упэўнены Аляксей Сюдак. – Не ведаю, праўда, як дакажуць, што наша мерапрыемства было несанкцыянаваным мітынгам. Бо мы нічога не патрабавалі, не адстойвалі, не абмяркоўвалі сацыяльна-палітычныя пытанні. Людзі проста паставілі крыжы, памаліліся і ўсклалі кветкі.
«НН»: Чым, на вашую думку, абумоўлена такое развіццё падзеяў? За ўсталяванне каменя на месцы расстрэлу Расціслава Лапіцкага нікога ж не судзілі?
АС: Пра яго мы адмыслова нідзе не пісалі, каб не падстаўляць райвыканкам, абы камень стаяў. Чыноўнікі ж вырашылі паказаць сваю ўладу. Таму і знеслі яго па ўласнай ініцыятыве. Але далей вырашылі не ісці. З крыжамі сітуацыя іншая. Пра іх пісалі ўсюды. Вось і каманда зверху вілейскім начальнікам прыйшла. А на нас у міліцыю падалі, каб спыніць нашую дзейнасць. Каб ім не прыходзілася займацца надалей руйнаваннем, а таксама не рабіць справаздачы перад сваім начальствам.
15 верасня Малерчуком, Сюдаком, Наркевічам была падпісана заява на імя начальніка Вілейскага РАУС, у якой яны патрабуюць знайсці людзей, адказных за знішчэнне крыжоў ва ўрочышчы Красны Беражок. Адказу на заяву пакуль няма.