viasna on patreon

Сёньня дзень народзінаў Зьмітра Завадзкага

2009 2009-08-28T16:57:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zavadski_d.jpg
Дзмітрый Завадскі

Дзмітрый Завадскі

Сёньня, 28 жніўня Зьмітру Завадзкаму споўнілася б 37 гадоў. Ён зьнік ва ўзросце 27 гадоў не пасьпеўшы адзначыць сваё 28 годдзе. Малады апэратар, ён ужо пасьпеў дасягнуць высокага прафэсійнага ўзоўню і прызнаньня калегаў. Яго чакалі новыя рэпартажы і добрая прафэсійная пэрспэктыва. Але гэта ня ўдалося зьдзейсьніць. Вось ўжо дзевяць гадоў Зьмітра няма побач з намі і мы толькі можам памятаць аб гэтым прыгожым чалавеку, прафэсіянале і патрабаваць рэальнага і справядлівага расследаваньня справы аб зьнікненьні Зьмітра і пакараньня вінаватых.

Нагадаем, Змьіцер быў выкрадзены 9 гадоў назад 7 ліпеня 2000 года ў аэрапорце “Менск-2” пры невядомых акалічнасьцях і да сёньняшняга дня лёс яго невядомы.

14 сакавіка 2002 года Менскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданьні журналіста Завадзкага былога супрацоўніка спэцпадразьдзяленьня "Алмаз" Валера Ігнатавіча і Максіма Маліка, пакараўшы іх на пажыцьцёвае зьняволеньне. Аднак суд ня змог упэўніць не сваякоў Зьмітра, не іх адвакатаў, не журналістаў у безумоўным дачыненьні і вінаватасьці Ігнатавіча і Маліка, бо суд ня змог вызначыць дакладнага матыву, часу і месца выкраданьня Завадзкага, а так сама растлумачыць яго далейшы лёс.

Журналіст Павал Шарамет у 2001 годзе за два дні да пачатку суду па справе Завадзкага сабраў прэс-канфэрэнцыю ў Маскве, на якой распавёў, што банда Ігнатавіча калі і датычная да выкраданьня апэратара, то толькі ў якасьці выканаўца чужой волі. Заказчыкам злачынства Шарамет назваў былога генпракурора Беларусі Віктара Шэймана. Увесну 2000 года Шэйман займаў пасаду кіраўніка Рады бясьпекі і быў зацікаўлены ў тым, каб у асобе Завадзкага ліквідаваць сьведку дзеяньнў беларускіх спэцслужбаў у Чачні. А пасьля адстаўкі кіраўнікоў сілавых ведамстваў Шэйман быў прызначаны А. Лукашэнкам генэральным пракурорам ня маючы на той час нават юрыдычнай адукацыі.

Па словах Шарамета, гэтую інфармацыю ён атрымаў ад былога генпракурора Беларусі Алега Бажэлкі. А пасьля абвяшчэньня судовага вэрдыкту па справе Завадзкага Павал Шарамет са спасылкай на таго ж Бажэлку сказаў: "Зьмітра няма ў жывых, яго катавалі, зламалі пазваночнік і вырашылі дабіць - інакш немагчыма было схаваць гэтае злачынства. Ад яго дапытваліся, што яму вядома аб сакрэтных апэрацыях беларускіх уладаў на Каўказе і ў Чачні".

Надзеі на тое, што пры цяперашняй уладзе знойдуць і пакараюць вінаватых у выкраданьні Зьмітра, няма. Аб неабходнасьці растлумачыць лёс беларускага журналіста пастаянна заяўляе міжнародная супольнасьць.

Так, у 2004 годзе Парламенцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, у якой патрабавала ад беларускіх уладаў правесьці незалежнае расследаваньне па справе Змітра Завадзкага і іншых выкрадзеных, а таксама адправіць Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова і Зьмітра Паўлічэнку ў адстаўку.

У розных гарадах Беларусі і сьвету вось ужо больш за 9 гадоў праводзяцца акцыі з мэтай прыцягнуць увагу грамадскасьці да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, аднак толькі ў Беларусі гэтыя акцыі жорстка падаўляюцца міліцыяй асабліва ў апошнія гады, паведамляе Фонд  Дмітрыя Завадскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства