viasna on patreon

Дэмактывісты Гомеля паскардзіліся ў ААН

2009 2009-08-21T18:41:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/united_nations1.jpg

Сёньня гомельскія актывісты апазыцыі Андрэй Толчын, Аляксандар Процка й Ігар Рэйзьлін накіравалі скаргі ў камітэт ААН па правах чалавека. Яны пішуць пра абмежаваньне з боку Беларусі іхніх правоў на правядзеньне мірных сходаў і свабоду распаўсюду інфармацыі.
Усе актывісты аспрэчваюць рашэньні судоў, якія абмежавалі іх права на распаўсюд інфармацыі, зьвязанай з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС.
Актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына ў красавіку гэтага году арыштавалі на 5 сутак. Яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства ў Нароўлі. Апэляцыі да абласнога й Вярхоўнага суду на незаконнасьць пакараньня выніку ня мелі.Таму ён вырашыў зьвярнуцца ў камітэт ААН:
“Мяне прымусіла гэта зрабіць сама дзяржава. У нас немагчыма грамадзяніну абараніць свае правы.У Нароўлі я раздаваў улёткі з інфармацыяй пра тое, што на чарнобыльскія ўгодкі да помніка прыедуць ускладаць кветкі лідэры АДС. Ва ўлётках не было ніякіх заклікаў — нічога такога. Мяне схапіла міліцыя за гэтым заняткам. Я не адмаўляў, што раздаю ўлёткі, пераконваў, што маю на гэта законнае права. Судзьдзя Ваўрыновіч за пяць хвілін вырашыў, што я вінаваты, і пакараў мяне 5 суткамі арышту”.
У Брагіне перад гадавінай чарнобыльскай катастрофы міліцыянты й людзі ў цывільным затрымалі за раздачу такіх жа ўлётак Аляксандра Процку. Яго адвезьлі ў суд, які й аштрафаваў актывіста на 105 тысяч рублёў. Спадар Процка таксама ня змог аспрэчыць у беларускіх судах сваё пакараньне.
Напярэдадні чарнобыльскай даты ў Гомелі міліцыянты схапілі Ігара Рэйзьліна. У яго дома зрабілі ператрус, выявілі ўлёткі пра ўскладаньне кветак да чарнобыльскай каплічкі й склалі пратакол пра парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Актывіст не пасьпеў нават раздаць ніводнай улёткі. Але судзьдзя Чыгуначнага суду Яраслаў Парэмскі пакараў спадара Рэйзьліна 700-тысячным штрафам:
“Я лічу, што гэта незаконна. У мяне паводле Канстытуцыі ёсьць права распаўсюджваць інфармацыю, якая не наносіць людзям маральнай шкоды, не заклікае да гвалту. Для гэтага не патрэбна ніякага дазволу. А штраф, якім мяне пакаралі, зьяўляецца незаконным”.
На Гомельшчыне звароты ў камітэт ААН па правах чалавека набываюць масавы характар. Гаворыць юрыст, сябра АГП Леанід Судаленка, які дапамагае пакараным абараняць свае правы ва ўплывовай міжнароднай структуры:
“За апошнія тры гады з Гомельскага рэгіёну пададзена звыш пяцідзесяці прыватных скаргаў — найперш на забарону мірных сходаў і распаўсюд інфармацыі. На жаль, наша краіна не забясьпечвае правы грамадзянаў, якія замацаваны ў Канстытуцыі й міжнародных дамовах. Суды караюць актывістаў штрафамі й арыштамі. Такая сытуацыя й вымушае людзей апэляваць да міжнароднай супольнасьці, каб абараніць свае правы”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства