Менгарвыканам супраць пікету ў абарону жывёлаў
Улады Менску трэцім разам забаранілі правесьці пікет у абарону валачашчых жывёлаў. Акцыю плянавалася зладзіць 22 жніўня ад 15 да 18 гадзіны ля пункту адлову і часовага ўтрыманьня жывёлаў “Фаўна гораду” па вуліцы Гурскага, 42 у Менску.
Пікетоўцы меркавалі прыцягнуць увагу да праблемы валачашчых жывёлаў у Беларусі.
Яны плянавалі заявіць, што неабходна прыняць закон пра абарону жывёл ад жорсткага абыходжаньня. Арганізатары пікету прапануюць стварыць у Беларусі дзейсную праграму адлову, стэрылізацыі і пошуку новых гаспадароў для валачашчых жывёлаў, выступаюць за стварэньне муніцыпальных доўгачасовых прытулкаў для котак і сабак.
У адказе, які атрымалі арганізатары, названая прычына адмовы: пікет “стварае перашкоды ў бесьперабойнай працы” “Фаўны гораду”, вэтэрынарных станцыяў Маскоўскага і Фрунзэнскага раёнаў сталіцы.
Абаронцы правоў жывёлаў маюць намер абскардзіць рашэньне Менгарвыканкаму ў судзе. Калі ўлады пакінуць рашэньне бязь зьменаў, арганізатары пікету будуць зьвяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека, паведаміў БелаПАН адзін з арганізатараў, юрыст Сяргей Усьцінаў.
У Менгарвыканкаме сытуацыю з забаронай пікету камэнтаваць адмовіліся.
Штогод у Беларусі адлоўліваецца і зьнішчаецца каля 70 тысяч валачашчых жывёлаў. У тым ліку ад 3 да 5 тыс. — у Менску