viasna on patreon

Судовая і следчая сістэмы Беларусі не адпавядаюць нормам грамадзянскага права і прынцыпам дэмакратыі

2009 2009-08-20T10:48:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pravasuddze.jpg

Сёння судовая і следчая сістэмы Беларусі не адпавядаюць нормам грамадзянскага права і прынцыпам дэмакратыі. Пра гэта 19 жніўня падчас прэс-канферэнцыі заявіў адзін з фігурантаў справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрый Лявонаў.

На яго думку, гэтыя сістэмы перасталі абараняць шараговых грамадзян. "Ва ўжо дзейным заканадаўстве замацаваныя такія паняцці, як прэзумпцыя невінаватасці і ўнутраная перакананасць суда. Я спадзяюся, што ў момант стварэння закона гэтыя дзве пазіцыі былі закліканыя працаваць для абароны інтарэсаў грамадзян, якія з той ці іншай прычыны трапілі пад прэс следчай сістэмы. На жаль, я вымушаны канстатаваць, што гэтыя дзве катэгорыі не працуюць на карысць нашых грамадзян, а працуюць, каб дагадзіць следчай сістэме і каб дагадзіць павелічэнню паказчыкаў па колькасці асуджаных у нашай краіне", — заявіў Лявонаў.

У якасці доказу сваіх тэзісаў ён прывёў першы працэс над ім і Мікалаем Аўтуховічам. У ліпені 2006 года прадпрымальнік Аўтуховіч быў прыгавораны да трох гадоў шасці месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю на працягу пяці гадоў. Дырэктар фірмы "Ніка-транс" Юрый Лявонаў быў прыгавораны да трох гадоў пяці месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму без канфіскацыі маёмасці. Ён таксама быў пазбаўлены права на працягу пяці гадоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Прадпрымальнікі былі прызнаныя вінаватымі ва ўхіленні ад уплаты падаткаў і ажыццяўленні перавозак пасажыраў і багажу без рэгістрацыі камерцыйнай фірмы, у выніку чаго гарадскі бюджэт панёс страты ў асабліва буйным памеры.

Як сцвярджае Лявонаў, ні адзін дзяржаўны орган, у якія звярталіся прадпрымальнікі, — ні Вышэйшы гаспадарчы суд, ні Генеральная пракуратура, ні Міністэрства па падатках і зборах, не далі прадпрымальнікам абгрунтаваных адказаў на іх скаргі на парушэнні заканадаўства, дапушчаныя падчас расследавання іх справы.

"Я лічу, што другі судовы працэс пойдзе па такім жа сцэнарыі. Не будзе суддзя ўлічваць прэзумпцыю невінаватасці, і сваю ўнутраную перакананасць пакладзе не на наш бок, а менавіта на чашу вагаў следчых органаў. Не будзе суд разглядаць аргументы абароны, гэтак жа, як гэта было і на першым судовым працэсе. Нам было заяўлена абсалютна адкрыта, што суд не бачыць неабходнасці далучэння да справы матэрыялаў абароны. Вось не бачыць неабходнасці, і ўсё", — сказаў Лявонаў, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства