Пракуратура не будзе разглядаць скаргу на разбурэнне габрэйскіх могілкаў
Скарга праваабаронцы Паўла Наздры на незаконныя працы на габрэйскіх могілках у Мазыры перанакіраваная старшыні райвыканкама Анатолю Лісу. 7 жніўня Наздра накіраваў пракурору Мазыра заяву з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці асобаў, якія вядуць цеплатрасу праз могілкі, паведамляе БелаПАН.
Могілкі з'яўляюцца матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і помнікам археалогіі. Аб'ект занесены ў рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцяў, яму прысвоены статут гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Акрамя таго, на тэрыторыі могілкаў пахавана каля тысячы ахвяр Другой сусветнай вайны, расстраляных немцамі ў 1944 г.
"Перасылка скаргі - гэта сігнал пра тое, што пракуратура не збіраецца выконваць свае функцыі. Пракуратура адправіла маю скаргу для разгляду вінаватым у правядзенні гэтых працаў. Бо старшыня райвыканкама не можа не ведаць, што там пракладаецца цеплатраса", — лічыць Наздра.