Беларускі Хельсінскі камітэт і Міжнародная Хельсінская федэрацыя выступілі ў абарону “Народнай Волі”
БХК і Міжнародная Хэльсынская фэдэрацыя заклікаюць прадпрыемствы “Чырвоная зорка”, “Белсаюздрук” і “Менгарсаюздрук” працягваць друкаваць і распаўсюджваць недзяржаўную газэту “Народная Воля”, паведаміла радыё Свабода.
Гэтыя арганізацыі лічаць дзеяньні беларускіх уладаў “абуральным наступам на свабоду слова” і зьвяраюцца да Вярхоўнага суду Беларусі з заклікам неадкладна прыпыніць выкананьне рашэньня суду Ленінскага раёну Менску і перагледзець яго ў адпаведнасьці зь міжнароднымі забавязаньнямі Беларусі.
Нагадаем, што суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў, каб “Народная Воля” выплаціла лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргею Гайдукевічу 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за публікацыю ў гэтым выданьні артыкулу пра эканамічнае супрацоўніцтва старшыні ЛДП з рэжымам Садама Хусэйна.
Рэдакцыя газэты “Народная Воля” пералічыла 29 верасьня на рахунак суду Ленінскага раёну яшчэ 15 мільёнаў рублёў на карысьць лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргея Гайдукевіча. Гэтыя грошы ахвяравалі газэце яе чытачы, які адгукнуліся на заклік галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Іосіфа Сярэдзіча. Такім чынам газэта выплаціла Сяргею Гайдукевічу ўжо 85 мільёнаў рублёў са 100 мільёнаў штрафу. Усе гэтыя грошы былі пералічаны на банкаўскімі рахунак рэдакцыі чытачамі газэты. Было б заплачана і 100 мільёнаў, калі б “Белпошта” пералічыла 35 мільёнаў рублёў за падпіску, але гэтыя грошы не былі пералічаныя.
Між тым у рэдакцыю бесперапынна ідуць людзі, каб ахвяраваць ці пазычыць грошы на выплату штрафу. Пенсіянэрка Ніна Валатаўская прыйшла, каб пазычыць газэце 100 даляраў, якія яна некалькі гадоў зьбірала са сваёй невялікай пэнсіі: “Хачу, каб лёс Беларусі зьмяніўся. Пазычаю свае грошы на нейкі тэрмін. Хачу дапамагчы. Калі не варушыцца, то хто ведае, што будзе ў нашай краіне”.
Падтрымку незалежнай газэце выказваюць і вядомыя ў Беларусі асобы, чыноўнікі, але не ўсе хочуць, каб былі названыя іх прозьвішчы, бо займаюць не апошнія пасады ў цяперашняй уладзе.