Пракуратура не бачыць падстаў для адмены артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу
Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне “Грамадзянская Беларусь” (Чэхія) атрымала з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь адказ на сваю прапанову аб скасаваньні артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса (“Незаконныя арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, альбо фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці”). Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады перагледзець усе нормы беларускага заканадаўства, якія забараняюць дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў.
Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь не бачыць падставаў для скасаваньня забароны на дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў – паведамляецца ў адказе, які падпісаў намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргей Мышкавец. “Дзеючым заканадаўствам у поўнай меры вызначаны парадак дзейнасьці арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Падставаў для напраўленьня ў нарматворчы орган матываванай прапановы аб неабходнасьці выключэньня артыкула 193-1 з Крымінальнага кодэкса, а таксама іншых норм заканадаўства, якія забараняюць дзейнасьць на тэрыторыі рэспублікі незарэгістраваных арганізацыяў і іх прадстаўнікоў, не маецца.” – сцьвярджае Генеральная пракуратура.
Такім чынам, пракуратура не пагадзілася з аргументамі праваабаронцаў адносна несумяшчальнасьці артыкула 193-1 з міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека.
Усяго з 2006 года, калі ўступіла ў дзеяньне крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваныхх аб’яднаньняў, па артыкуле 193-1 было асуджана 17 чалавек, пры гэтым не было зафіксавана ніводнага апраўдаўчага прысуда. Праваабаронцам вядома прынамсі пра адну крымінальную справу па артыкуле 193-1, па якой у дадзены час вядзецца сьледства. 12 жніўня 2009 года актывіст Маладога Фронта Міхась Ільін атрымаў папярэджаньне ад пракуратуры Берасця аб магчымым прыцягненьні да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць у складзе незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня. Беларускія і замежныя правабарончыя арганізацыі вядуць кампанію за скасаваньне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, які перашкаджае нармальнаму развіцьцю грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі.