viasna on patreon

У Берасці прайшла акцыя супраць смяротнага пакарання ў Беларусі (фота)

2009 2009-08-11T17:09:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/1a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 жніўня ў Берасці сябры Маладога Фронту правялі акцыю па адмене смяротнага пакарання ў краіне. На адной з галоўных вуліц гораду, Савецкай, моладзь раздавала мінакам  капэрт-улёткі ўплывовай праваабарончай арганізацыі Amnеsty International.

Ва ўлётках змешчаны зварот да прэзідэнта А.Лукашэнкі і ўраду Беларусі.

Міжнародная праваабарончая супольнасць заклікае кіраўніцтва краіны “неадкладна ўвесці мараторый на вынясенне смяротных прысудаў і іх выкананне з тым, каб у далейшым цалкам адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 63/168 Генеральнай Асамблеі ААН ад 18 снежня 2008 года”, а таксама “неадкладна замяніць усе вынесеныя смяротныя прысуды на тэрміны пазбаўлення волі”.

Зварот Amnеsty International аформлены ў выглядзе паштоўкі з указаннем адрасата – “Аляксандр Лукашэнка Прэзідэнт”. Таму кожны са 150 жыхароў і гасцей Берасця, якія атрымалі такія ўлёткі ад маладафронтаўцаў, могуць накіраваць іх па указаным адрасе як сваё уласнае патрабаванне.

Як адзначыў Радыё Рацыя адзін з удзельнікаў акцыі Міхась Ільін, “правакацыяў і затрыманняў з боку ўладаў не было, мерапрыемства доўжылася  каля 20 хвілінаў. Большая частка людзей станоўча і з цікавасцю паставілася да праблемы, але былі і абыякавыя”.

Нагадаем, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы (пасля адмены смяротнага пакарання Узбекістанам з 1 студзеня 2008 году), дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

У студзені 2009 году ў Беларусі распачалася кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, мэтай якой ёсць спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці краіны падрыхтавалі адпаведную петыцыю. Гэты зварот за подпісамі як вядомых беларускіх дзеячоў, так і простых грамадзянаў будзе перададзены беларускім уладам. Праваабаронцы Беларусі, як і міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International, спадзяюцца, што кіраўніцтва краіны пяройдзе да рашучых дзеянняў, скіраваных на спыненне выканання смяротных прысудаў.

Amnesty International - гэта сусветны рух, які аб'ядноўвае 2,2 мільёны чалавек з больш чым 150 краінаў і тэрыторый, якія дамагаюцца спынення грубых парушэнняў правоў чалавека.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства