viasna on patreon

6 месяцаў з новым законам «Аб СМІ»: лепш, чым магло быць, але горш, чым мусіць

2009 2009-08-06T17:51:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 жніўня споўніцца паўгода з моманту ўступлення ў сілу новага закона «Аб сродках масавай інфармацыі». З гэтай нагоды ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» зладзіла прэс-канферэнцыю і агучыла некаторыя высновы, зробленыя службай маніторынгу БАЖ.

 

— За першыя паўгода прымянення закона «Аб СМІ» назіраецца пэўны прагрэс у галіне стварэння новых СМІ і перарэгістрацыі існуючых. Разам з тым, выпуск незарэгістраваных СМІ ўскладніўся;

 

— Прыпыненне працы над пастановай ураду аб рэгістрацыі інтэрнет-СМІ — таксама пазітыўны факт, хаця прадстаўнікі ўлады час ад часу вяртаюцца да гэтага пытання;

 

— Як станоўчы момант можна ацаніць тое, што Міністэрства інфармацыі не злоўжывае сваімі надзвычай вялікімі паўнамоцтвамі па ўмяшальніцтве ў дзейнасць СМІ. У 2006 годзе менавіта да гэтага заклікаў прадстаўнік АБСЕ ў пытаннях СМІ Міклаш Харашці. Але адзначым, што, на жаль, такіх паўнамоцтваў у Мінінфармацыі з таго часу стала яшчэ больш;

 

— Затое сваімі паўнамоцтвамі злоўжываюць пракуратура і некаторыя ідэолагі — асабліва ў дачыненні да журналістаў, што супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі. Жорсткую пазіцыю займае і Міністэрства замежных спраў. Пры гэтым яны не звяртаюць асаблівай увагі на заклікі Еўрапарламента і Рады Еўропы — скасаваць перашкоды для акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных медыяў і дзейнасці «Белсата», «Еўрарадыё», «Радыё Рацыя» і іншых СМІ ў Беларусі;

 

— Закон не забяспечыў доступу журналістаў — а значыць, і грамадства — да інфармацыі. Прававыя акты, якія апошнім часам прымаюцца ў гэтай галіне, накіраваныя на абмежаванне цыркулявання неадфільтраванай інфармацыі ў грамадстве;

 

— Практыка прымянення закона наўпрост залежыць ад узаемадачыненняў Рэспублікі Беларусь з Еўропай. У выпадку пагаршэння гэтых стасункаў ці змянення вектару беларускай міжнароднай палітыкі гэты і іншыя законы лёгка могуць быць скіраваныя супраць медыяў. Бо прававая база існавання СМІ ў Беларусі толькі пагоршылася, і сістэмных зрухаў наперад не адбылося;

 

— Улада па-ранейшаму імкнецца захаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства