Іван Крук патрабуе ад абласной пракуратуры аб’ектыўнай праверкі акалічнасцяў яго справы (+ тэкст скаргі)
Грамадскі актывіст з Астраўца, адзін з ініцыятараў кампаніі “Астравецкая атамная – гэта злачынства”, Іван Крук паўторна накіраваў скаргу пракурору Гродзенскай вобласці. Актывіст патрабуе ад пракуратуры правесці паўторную, поўную і аб’ектыўную, праверку па яго скарзе, паколькі на свой папярэдні зварот ён атрымаў толькі фармальныя адпіскі.
“Супрацоўнікі Астравецкага РАУС, раённага суда і пракуратуры мелі мэту з палітычнай афарбоўкай, то бок, прыцягнуць мяне да адказнасці любым чынам. Пры гэтым дапусцілі шэраг працэсуальных памылак пры афармленні матэрыялаў адміністратыўнага працэсу ў дачыненні да мяне,” – адзначае І. Крук у сваёй скарзе.
Нагадаем, што 26 чэрвеня суд Астравецкага раёна прызнаў парушэнне сп. Круком артыкула 22 закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. За распаўсюд незалежных інфармацыйных выданняў грамадскага актывіста пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь, ці 700 000 беларускіх рублёў.
Копію скаргі Іван Крук накіраваў у Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH) і сродкі масавай інфармацыі.