viasna on patreon

Асуджаны чакае амністыю так, як салдат дэмбель

2009 2009-07-30T14:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/amnistyja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каб даведацца, з якiмi думкамi вяртаюцца на волю амнiставаныя, карэспандэнт "Звязды" накiравалася ў папраўчую калонiю № 14, што пад Барысавам

Даведка:

У калонii № 14 паўторна адбываюць пакаранне каля трох тысяч асуджаных. Акрэсленым у Законе "Аб амнiстыi ў сувязi з 65-годдзем вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў" умовам адпавядае тысяча з iх. За няпоўныя тры месяцы дзеяння закона разгледжана 743 справы асуджаных. З iх 86 чалавек адпусцiлi на волю, для 370 — тэрмiн пакарання скарочаны на адзiн год. Адмовiлi ў прымяненнi амнiстыi 287 прэтэндэнтам: з-за нявыплачаных iскаў — 138 (абавязковая ўмова: хочаш раней за тэрмiн выйсцi на волю — кампенсуй нанесеныя злачынствам старты), 149 — з-за парушэнняў рэжыму ўтрымання ў калонii.

"Выйду на волю якраз на 100-годдзе рэвалюцыi"

З такiмi словамi паставiў свой подпiс пад просьбай аб памiлаваннi суджаны, якому скарацiлi тэрмiн зняволення на год. Па iм складана было сказаць радаваўся ён гэтаму цi не. Зразумела, да 2017 года яшчэ далёка. Iншая справа — тыя, каму засталося пасля амнiстыi сядзець год, а то i менш. Але самымi шчаслiвымi выглядалi дзесяць асуджаных. Яны ўжо заўтра будуць засынаць не на нарах, а дома на сваiм ложку. Праўда, як высветлiлася, не ўсе маюць свой ложак, не кажучы ўжо пра дом...

"Я прапiў усё, што ў мяне было"

Сяргей Аляксандравiч (iмёны змененыя па просьбе асуджаных) праходзiў у калонii курс прымусовага лячэння ад алкагалiзму. Раней займаў кiруючую пасаду ў Мiнiстэрстве па надзвычайных сiтуацыях. Меў грошы, знаёмствы, жыллё... Цяпер у яго не засталося нiчога, акрамя мачыхi, з якой ён стараецца не падтрымлiваць стасункi, i цiкаўнасцi да ўсяго, што адбываецца ў свеце.

— Люблю глядзець тэлевiзар, чытаць газеты, кнiгi. Тут такая магчымасць была, таму час у няволi не прайшоў марна.

— Вы разумееце, што калi пачняце пiць, то вернецеся сюды ў чарговы раз? — пытаецца ў асуджанага на камiсii па амнiстыi намеснiк пракурора Барысаўскага раёна Мiхаiл Несцяровiч.

— Разумею. Тут больш як год трымаўся — не пiў. I там утрымаюся, — пераконвае ўжо немалады мужчына.

Узгадвае пра мiнулае жыццё неахвотна.

— Ну што мiнулае... Халодны i брудны барак. Палова батона, пачак "Астры" i "Ролтан" — мой дзённы рацыён. Сабутэльнiкi, якiя потым мяне i здалi мiлiцыi...

Паводле слоў майго суразмоўцы, у калонiю трапiў за дзве алюмiнiевыя бiклагi, якiя прынеслi з сабой яго ж "сябры".

З большым задавальненнем Сяргей Аляксандравiч дзелiцца сваiмi найблiжэйшымi планамi.

— Упэўнены, што палова амнiставаных праз месяц-два вернуцца сюды, — кажа ён. — А я не вярнуся. Проста да таго, як я трапiў за краты, у мяне не было грошай, каб аднавiць пашпарт. А без яго нiхто не браў на працу. Цяпер жа вярнуся назад з пашпартам на руках, з пройдзеным медаглядам. Акрамя таго, у калонii асвоiў яшчэ адну прафесiю — бляхара. Праўда, разумею, што складана будзе знайсцi добрую працу чалавеку, якi вярнуўся з турмы. Не хочуць кiраўнiкi прадпрыемстваў браць такiх работнiкаў, не давяраюць. Ды яшчэ i крызiс цяпер у дадатак да гэтага. Але, упэўнены, не прападу. А што датычыцца амнiстыi, паверце, асуджаныя чакаюць умоўна-датэрмiновага вызвалення i амнiстыi, як салдаты дэмбель.

Праўда, не ўсе. Аляксандр Какунiн, намеснiк начальнiка калонii па папраўчым працэсе i рабоце з асабовым складам, сказаў, што можа знайсцi ў калонii з дзясятак чалавек, якiя не хочуць вяртацца на волю. "Маўляў, нас i тут нядрэнна кормяць". Гэта, як правiла, пенсiянеры, у якiх па той бок кратаў нiчога не засталося.

"Пакуль сядзеў за кратамi, страцiў мацi i каханую"

25-гадовы Андрэй усё яшчэ не можа паверыць свайму шчасцю.

— Дзякуючы амнiстыi, пакiдаю тут практычна палову тэрмiну — 2 гады 5 месяцаў i 9 дзён. Я з самага пачатку быў настроены паводзiць сябе станоўча. Спадзяваўся на замену пакарання на больш мяккае. А тут амнiстыя.

За той час, якi хлопец правёў у зняволеннi, памерла яго мацi, а каханая дзяўчына прамяняла на iншага, вольнага.

— Я расчараваўся не толькi ў каханнi, але i ў сяброўстве. Практычна ўсе ад мяне адвярнулiся. Падтрымалi ў складаную хвiлiну толькi родныя. Цяпер я па-сапраўднаму зразумеў сэнс прымаўкi "сябры пазнаюцца ў бядзе". I ведаеце, яшчэ я ўсвядомiў, што мне трэба вучыцца кантраляваць свае эмоцыi, каб не вярнуцца сюды зноў. Гэта я цяпер разумею, што не трэба было чынiць разборкi з п'янiцамi. А тады...

Андрэй расказаў уласную навагоднюю гiсторыю. 1 студзеня яны з братам iшлi адпачываць у рэстаран. Ля пад'езда шматпавярховага дома стаяў заўсёдны п'яны гул. Не ўтрымалiся i вырашылi ўцiхамiрыць крыкуноў. Але проста размовай усё не абышлося. Пачалася бойка.

— Брату далi 5 год хiмii, а я апынуўся тут, бо меў ужо адну судзiмасць.

— За што?

— Хацеў дапамагчы сябру вярнуць тэлефон, i, так атрымалася, што сам апынуўся ў турме.

— Чым плануеш займацца на волi?

— Першым чынам, паеду ў Смаленск, дзе наведаю магiлу мацi. А пасля ўладкуюся на працу. Бацька трымае мне месца на прыватнай фiрме па вырабе помнiкаў. Я там працаваў раней, таму спраўлюся. Цяжкасцяў не баюся.

"Я не планую сюды вяртацца"

Самаму маладому амнiставанаму — усяго 20. За плячыма Сашы — тры судзiмасцi.

— За што сядзiш?

— За крадзяжы. Апошнi раз скраў у работнiцы бальнiцы хуткай дапамогi мабiльны тэлефон. Жыву непадалёк адтуль. Дык вось забег, гляджу, у кабiнеце нiкога няма i сумачка ляжыць...

— З каго прыклад браў, з бацькi (на яго рахунку таксама тры судзiмасцi)? — пытаецца намеснiк начальнiка калонii па папраўчым працэсе i рабоце з асабовым складам.

— Не, ён з намi практычна не жыў. Сябры яшчэ ў дзяцiнстве навучылi мяне зарабляць лёгкi хлеб. Яны забiралi грошы ў п'яных мужыкоў. А я глядзеў i матаў на вус...

— А цi ёсць у цябе на волi добрыя сябры?

— Ёсць. Яны ўжо жанатыя i працуюць. Я таксама хачу ўладкавацца на працу. Пайду вучыцца ў вячэрнюю школу, бо пакуль быў на волi, паспеў скончыць толькi 8 класаў. Планую вучыцца i працаваць. Будзе складана. Ну i што. Галоўнае, каб як мага менш вольнага часу заставалася. Бо краў я таму, што не было чым заняцца.

Знаходжанне ў калонii, дзякуючы амнiстыi, скарацiлася для Сашы на 5 месяцаў i 11 дзён.

— Страшна выпускаць яго на волю, — кажа Аляксандр Какунiн. — Каб не нарабiў там чаго зноў.

— Я не планую сюды больш вяртацца... — парыруе Саша.

Можа мне падалося, але былi ў яго голасе ноткi сумнення.

— Кожны раз, калi мы адпускаем асуджаных на волю, чуем падобныя абяцаннi, — адзначае Аляксандр Какунiн. — Вось i сёння нi адзiн з дзесяцi амнiставаных не сказаў, што плануе вярнуцца за краты. Наадварот, пераконвалi, што больш сюды нi нагой. Тым не менш, мяркуючы па мiнулым годзе, многiя вяртаюцца. Выпраўляюцца, пераважна, толькi тыя, хто дома сустракае падтрымку жонкi, бацькоў, у крайнiм выпадку цёткi цi дзядзькi. Iншыя, як правiла, трапляюць у той жа асяродак, адкуль да нас прыйшлi. За некалькi дзён прапiваюць заробленыя на зоне грошы. А пасля, замест таго, каб працаваць, шукаюць лёгкай нажывы.

— Вельмi важна на волi як мага хутчэй атрымаць працы, без якой, як паказвае практыка, значна прасцей скацiцца ўнiз па нахiленай, — уступае ў размову Мiхаiл Несцяровiч. — А працаваць многiя з iх хочуць толькi на словах.

— Сапраўды, складана прадказаць, як яны павядуць сябе на волi, — дадае Аляксандр Какунiн. — Тут яны працавалi, бо iх прымушалi гэта рабiць. А там... Напрыклад, адпусцiлi мы на волю маладога чалавека з залатымi рукамi. Ён на працягу дзесяцi гадоў шыў вопратку для таварышаў па няшчасцi. Але, ведаеце, я не ўпэўнены, што ён будзе развiваць свае здольнасцi на волi. I не таму, што не знойдзе месца. Ён проста адвучыўся добраахвотна працаваць.

Чым амнiстыя адгукнецца?

Адказ на гэта пытанне паабяцалi даць у Навукова-практычным цэнтры праблем умацавання законнасцi i правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублiкi Беларусь. Але толькi недзе праз год.

— Кiраўнiцтва Генеральнай пракуратуры даручыла нам правесцi манiторынг сёлетняй амнiстыi, — распавядае Павел Кiрэенка, начальнiк аддзела iнфармацыйна-аналiтычнага забеспячэння крымiналагiчных даследаванняў. — Але каб зрабiць аб'ектыўныя i грунтоўныя вынiкi адносна наступстваў амнiстыi, зразумела, недастаткова аднаго дня. Трэба, каб прайшоў час. Плануем закончыць даследаванне ў першай палове 2010 года.

— Павел Якаўлевiч, раскажыце, калi ласка, чытачам, з якой мэтай праводзiцца гэты манiторынг?

— Пытанне аб неабходнасцi амнiстыi не стаiць. Яна, бясспрэчна, патрэбная. Iншы момант: у дачыненнi да якiх злачынцаў яна павiнна прымяняцца? Магчыма, пасля правядзення манiторынгу кола асобаў, якiя могуць разлiчваць на амнiстыю, мэтазгодна будзе звузiць. Але гэта толькi папярэднiя меркаваннi. Усё будзе залежыць ад таго, якi працэнт амнiставаных выкарыстае свой шанц на выпраўленне, а якi папоўнiць шэрагi рэцыдывiстаў.

— I якiм чынам вы будзеце збiраць iнфармацыю аб амнiставаных?

— Перш-наперш, пасля таго як у лiстападзе, згодна з Законам "Аб амнiстыi...", будзе адпушчаны на волю апошнi асуджаны, мы запросiм з Дэпартамента выканання пакаранняў агульную колькасць амнiставаных за шэсць месяцаў. Затым запатрабуем у пракурораў абласцей поўную iнфармацыю аб кожным асуджаным. У тым лiку такую: дзе ён цяпер знаходзiцца, чым займаецца, цi звяртаўся ён у службу занятасцi, атрымаў там падтрымку цi не i iнш. Вельмi важна высветлiць, чыя вiна ў тым, што некаторыя з амнiставаных нядоўга затрымлiваюцца на волi? Органаў мясцовай улады, якiя не падтрымалi былога асуджанага, цi ўласнае нежаданне жыць па законе?

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства