Жанна Літвіна: «Далучыце свае галасы да патрабавання вярнуць у распаўсюд незалежныя газеты»
20 ліпеня ў Мінску адбыліся першыя грамадскія слуханні «Грамадзянская супольнасць і дзяржава: механізмы ўзаемадзеяння». У дыскусіі ўзяла ўдзел старшыня ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жанна Літвіна.
Ініцыятыва слуханняў зыходзіла ад шэрагу вядомых грамадскіх дзеячоў, заклапочаных нізкай інфармаванасцю грамадзян пра дзейнасць Грамадскай кансультацыйнай рады (ГКР) пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, а таксама нізкім узроўнем удзелу грамадзянскай супольнасці ў вырашэнні важных для краіны пытанняў.
«З уласнага досведу працы ў складзе грамадскай Рады па СМІ ведаю, што кіраўнікі такіх структур, прызначаныя дзяржавай, часам імкнуцца найбольш важныя і прынцыповыя пытанні адсунуць на другі план», — зазначыла падчас свайго выступу Жанна Літвіна.
«Як супрацьстаяць гэтай наўмыснай падмене акцэнтаў? Па шчырасці, адказу на гэтае пытанне я пакуль не знаходжу. Але я адчуваю за плячыма журналісцкую супольнасць, ведаю яе праблемы, і мяне з маіх пазіцый ніхто не пасуне.
Для прыняцця палітычнага рашэння па пэўнай праблеме неабходна, каб яна трапіла ў сферу публічнасці. А публічнасць — гэта найперш сродкі масавай інфармацыі. Між тым, нават сёння, у часе нашай сустрэчы, усяго два выступоўцы згадалі пра СМІ…
Калі мы хочам кансалідавацца, дык давайце аб’яднаемся вакол праблем, звязаных з інфармацыйнай прасторай.
Інфармаванне пра дзейнасць радаў — праблема вырашальная. Кожны мае права шырока распаўсюджваць інфармацыю. Выкарыстоўвайце гэтую магчымасць, будзьце даступныя для журналістаў, давайце прэс-канферэнцыі…
Але гэта не вырашыць прынцыповай праблемы: як прымусіць разглядаць самыя прыярытэтныя пытанні і прымаць па іх рашэнні?
На сённяшні дзень сярод вызначаных БАЖ прыярытэтаў — раздзяржаўленне, дэманапалізацыя СМІ. Я разумею, што задача глабальная, бо сёння ўлада ад манаполіі не адмовіцца… Але ўсе вы можаце далучыць свае галасы да патрабавання вярнуць у сістэму распаўсюду 13 грамадска-палітычных незалежных газет.
Без ціску з боку шырокай грамадскасці гэтую праблему наўрад ці ўдасца вырашыць. Для гэтага патрэбна палітычнае рашэнне», — упэўненая Жанна Літвіна.
У слуханнях узялі ўдзел каля 40 чалавек. Ніхто з прадстаўнікоў прэзідэнцкай адміністрацыі альбо ўрадавых структур на сустрэчы не прысутнічаў.
Яе ўдзельнікі пагадзіліся, што ГКР будзе рэальна дзейнай толькі тады, калі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый стануць «рэальнымі гульцамі» ў гэтай структуры.
У часе сустрэчы прагучала прапанова зрабіць такія грамадскія слуханні «сталай платформай» для абмеркавання ўзаемадзеяння Грамадскай кансультацыйнай рады і недзяржаўнага сектару.