viasna on patreon

Мінскі кляштар бернардзінцаў вернікам не аддадуць

2009 2009-07-16T15:13:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kasciol_bernandzincau.jpg

Мінскі касцёл бернардзінцаў не могуць аддаць вернікам з‑за таго, што няма куды перамясціць размешчаныя ў гэтым будынку фонды архіваў, перадае БелаПАН.

Пра гэта заявіў 15 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі Леанід Гуляка. У прыватнасці, гэта архіўныя фонды навукова‑тэхнічнай дакументацыі і архіва‑музея літаратуры і мастацтва.

«Наколькі я ведаю пазіцыю архіву, яны не супраць таго, каб перадаць будынак касцёла вернікам. Але выкінуць архіў у якіясьці не прыстасаваныя для гэтага будынкі — таксама дрэнна. Гэта дзяржаўны архіў.

Некалькі гадоў таму стаяла пытанне аб тым, каб пабудаваць новы будынак архіву, але гэтае пытанне так і не вырашана», — сказаў Гуляка.

Як раней паведамляў БелаПАН, з 19 сакавіка 2005 года члены сталічнай рымска‑каталіцкай грамады святога Язэпа праводзяць штодзень вячэрнія малебны за вяртанне вернікам будынкаў Мінскага кляштару бернардзінцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока ХVII стагоддзя.

Будынак святыні, узведзены на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі за ўдзел прыхаджан у нацыянальна‑вызваленчым паўстанні. Архіўныя ўстановы знаходзяцца ў касцёле з 1897 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства