viasna on patreon

З 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч спыняе галадоўку

2009 2009-07-16T10:02:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autuxovich-liavonau033006.jpg
Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч з 16 ліпеня спыняе галадоўку. Аб гэтым БелаПАН паведаміў яго адвакат Павел Сапелка, які 15 ліпеня наведаў свайго падабароннага ў следчым ізалятары № 1 Менска. Галадоўка доўжылася тры месяцы, з 16 красавіка. За гэты час зняволены пахудзеў на 35 кг.

 

Паводле слоў адваката, стан здароўя Аўтуховіча "крытычны". "Ён ужо ў такім стане, калі кожны яго рух або перамяшчэнне даецца з цяжкасцю і адгукаецца слабасцю", — расказаў Сапелка.

 

Аўтуховіч спыняе галадоўку ў адказ на просьбы Сапелкі. "Мне Аўтуховіч патрэбны як яшчэ адзін бок у судзе, бок абароны, — сказаў адвакат. — Справа ўжо падышла да такога моманту, калі трэба знаёміцца з ёй, выпрацоўваць пазіцыю абароны. У стане галадоўкі Аўтуховіч паўнацэнна гэтага зрабіць не зможа".

 

Паводле слоў Сапелкі, Аўтуховіч прасіў перадаць словы падзякі ўсім, хто яго падтрымліваў, пісаў яму, рабіў заявы ў яго абарону.

 

Мікалай Аўтуховіч і яшчэ два актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыска — Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка — былі затрыманы 8 лютага з санкцыі пракурора Гродзенскай вобласці. 18 лютага ўсім тром было прад'яўлена абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).

 

Аўтуховіч абвясціў галадоўку, патрабуючы ў найкарацейшыя тэрміны альбо перадаць справу ў суд, альбо змяніць усім падследным меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

 

Каментуючы па просьбе БелаПАН наступствы для арганізму працяглай галадоўкі, загадчык кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Марахоўскі паведаміў, што фізіялагічнай стратай масы з'яўляецца 1,5 кг у месяц. Больш высокая хуткасць схуднення ўжо лічыцца небяспечнай.

 

Істотным з'яўляецца тое, чым падтрымліваюць чалавека, які не прымае ежу (падчас галадоўкі Аўтуховічу ставілі кропельніцы. — БелаПАН.). Паводле слоў медыка, у выпадку ўвядзення глюкозы адбываецца спажыванне вугляводаў і на працягу нейкага часу арганізм не расходуе свае вугляводы. Аднак пры працяглым выкарыстанні глюкоза, наадварот, можа суправаджацца празмерным расходаваннем уласных амінакіслот.

 

Пры непаступленні спажыўных рэчываў на працягу доўгага часу арганізм пачынае расходаваць уласныя запасы: спачатку — тлушч, а затым — бялкі, найперш з мышачнай тканкі. У выніку мышцы памяншаюцца ў аб'ёме, становяцца слабымі. Праз некаторы час чалавек губляе магчымасць рухацца. Наступным этапам могуць стаць найцяжэйшыя дыстрафічныя змены ў печані і нырках. Узнікае таксама павышаная схільнасць да інфекцый — на скуры ўтвараюцца раны, якія дрэнна загойваюцца. Такі чалавек можа памерці фактычна ад інфекцыйнага захворвання.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства