Папярэджанне за «Школу маладога журналіста»
Афіцыйнае папярэджанне ад пракуратуры за «незаконныя» заняткі з моладдзю атрымаў арганізатар слонімскай «Школы маладога журналіста», сябра ГА «БАЖ» і грамадскі актывіст Алесь Масюк.
«Адзінае маё парушэнне — гэта тое, што я праводзіў заняткі на кватэры. Але я некалькі разоў звяртаўся ў выканкам з просьбай даць памяшканне для школкі, ніхто нічога не даваў», — пракаментаваў сітуацыю прэс-службе БАЖ Алесь Масюк.
Але ў Слонімскай раённай пракуратуры палічылі, што сябра БАЖ дапусціў больш сур’ёзныя парушэнні, паколькі праводзіў заняткі з дзецьмі «без рэгістрацыі, то бок незаконна», ды яшчэ і ў памяшканні, якое «не адпавядае патрабаванням санітарнай і пажарнай бяспекі».
Абскарджваць гэтае папярэджанне Алесь Масюк не збіраецца, бо не бачыць у гэтым сэнсу. А вось што тычыцца далейшай працы слонімскай «Школы маладога журналіста», то, хутчэй за ўсё, заняткі ў ёй працягнуцца.
«Я звяртаўся ва ўпраўленне адукацыі з пытаннем — што рабіць далей? Мне параілі надалей узгадняць месца і план заняткаў школкі, але па якім такім законе я абавязаны гэта рабіць — ніхто не паказаў», — заўважыў Алесь Масюк.
Нагадаем, што пракурорская праверка дзейнасці «Школы маладога журналіста» распачалася ў красавіку бягучага года пасля таго, як супрацоўнік аддзелу выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі г. Слоніма Максім Маслаў наведаўся на заняткі мясцовай школкі.
Спадар Маслаў патлумачыў, што нагодай для «праверкі» стаў той факт, што апошнім часам у Слоніме актыўна распаўсюджваецца нелегальная літаратура — улёткі. Таму на чарговым пасяджэнні Слонімскага райвыканкама было ўзнята пытанне: чым займаюцца навучэнцы школы маладога журналіста і ці не маюць яны дачынення да выдання забароненых матэрыялаў?