Палітычная сытуацыя Беларусі – ў цэнтры ўвагі еўрапейскіх краінаў
23-24 верасьня ў Вільні праходзіць міжнародны сэмінар, на якім будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі. Арганізатарамі сэмінару выступілі Парлямэнцкая асамблея НАТО і Сойм Літоўскай Рэспублікі.
Кіраўнік дэлегацыі літоўскага Сойму ў Парлямэнцкай асамблеі НАТО Ёзас Олекас распавёў Радыё Свабода, што такі сэмінар ладзіцца ў Літве, паколькі літоўская дэлегацыя вылучаецца актыўнасьцю ў ПА НАТО і літоўскія парлямэнтары прапанавалі сваю дапамогу як блізкія суседзі Беларусі.
У сэмінары плянуецца ўдзел парлямэнтароў з краінаў-сяброў НАТО, прадстаўнікоў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, ААН, іншых міжнародных арганізацыяў, а таксама палітолягаў зь Літвы, Польшчы, Беларусі, прадстаўнікоў літоўскіх урадавых інстытуцыяў.
З паведамленьнямі выступяць прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў і палітычных партыяў – старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд, а таксама прадстаўнікі моладзевага руху “Зубр”, грамадзянскай ініцыятывы “Свабоду палітычным вязьням”, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускай жаночай лігі.
Для удзелу ў сэмінары прыехаў у Вільню і спэцыяльны дакладчык ААН у пытаньнях правоў чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын. Перад цяперашнім прыездам у Вільню Сэвэрын наведаў Латвію і Эстонію – гэтая ягоная паездка па краінах Балтыі цалкам прысьвечаная збору інфармацыі пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Паведамленьне Адрыяна Сэвэрына “ААН і Беларусь” заплянаванае напрыканцы праграмы сэмінару перад заключнай дыскусіяй.
Праграма міжнароднага сэмінару разьлічаная на два дні. Сёньня пройдуць дзьве сэсіі, прысьвечаныя беларускім праблемам: будуць абмяркоўвацца сытуацыя ў краіне і дэмакратычныя пэрспэктывы. А ў суботу адбудзецца заключная сэсія – размова пойдзе пра міжнародны аспэкт беларускага пытаньня, а таксама дачыненьні Беларусі зь міжнароднымі структурамі.