Прадстаўніца Міжнароднай лігі правоў чалавека: Без праўдзівай інфармацыі пра ўрад, бяз доступу да альтэрнатыўных меркаваньняў, беларусы ня змогуць быць сучасным грамадзтвам і ісьці наперад.
Старэйшая праваабарончая арганізацыя ЗША – Міжнародная ліга правоў чалавека – арганізавала 22 верасьня ў Варшаве адмысловы брыфінг, прысьвечаны сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаныя журналісты з Беларусі, а таксама прадстаўнікі краінаў-сяброў АБСЕ, што бяруць удзел у варшаўскай канфэрэнцыі "АБСЕ ў чалавечым вымярэньні".
Па зьвесках Радыё Свабода, у часе двухгадзіннага брыфінгу старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцьвіна, а таксама журналісты незалежных газэтаў Анджэй Пісальнік і Кацярына Харына расказалі прысутным прадстаўнікам некалькіх дзесяткаў краінаў АБСЕ пра ўмовы, у якіх працуюць незалежныя мэдыі ў Беларусі.
Спадарыня Ліцьвіна нагадала, што агульны тыднёвы наклад усіх незалежных грамадзка-палітычных газэтаў Беларусі каля 300 тысячаў паасобнікаў – гэта амаль у шэсьць разоў меней, чым наклад адной толькі дзяржаўнай газэты – органу прэзыдэнцкай адміністрацыі.
У сваю чаргу Анджэй Пісальнік, які ў часе брыфінгу заявіў пра намер аднавіць выданьне газэты “Głos znad Niemna” пад рэдакцыяй прыхільнікаў непрызнаванай менскімі ўладамі старшыні СПБ Анжалікі Борыс, адзначыў, што журналістам ў Беларусі перадусім патрэбная міжнародная падтрымка.
У часе дыскусіі ўзьнікла таксама пытаньне аб стварэньні незалежнага беларускага радыё, якое вяшчала б на тэрыторыю Беларусі з-за мяжы – беларускія прадстаўнікі віталі гэтую ідэю, падкрэсьліўшы, што такое вяшчаньне павінна весьціся выключна па-беларуску.
Прадстаўніца Міжнароднай лігі правоў чалавека Вольга Тарасаў сказала: “Наша арганізацыя каля 10 гадоў сочыць за сытуацыяй у Беларусі. Мы упэўненыя, што свабода слова, гэта вельмі істотнае і надзённае пытаньне для гэтай краіны. Без праўдзівай інфармацыі пра ўрад, бяз доступу да альтэрнатыўных меркаваньняў, беларусы ня змогуць быць сучасным грамадзтвам і ісьці наперад. Таму мы лічым, што міжнародная дапамога беларусам у палітычнай сфэры і ў сфэры мэдыяў вельмі важная”.