Суд па пазове да недзяржаўнай газеты “Борисовские новости” перанесены
У Барысаве разгляд судовай справы па пазове рэдактаркі дзяржаўнай раёнкі «Адзінства» да недзяржаўнай газеты «Борисовские новости» перанесены. 25 чэрвеня ў ходзе чарговага слухання суддзя вырашыла прызначыць лінгвістычную экспертызу.
Рэдактарка барысаўскай дзяржаўнай раёнкі «Адзінства» выклікала ў суд мясцовую недзяржаўную газету «Борисовские новости».
Нагодай для судовага разбіральніцтва аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі стала публікацыя ў «БН» за подпісам Валерыя Ніцкава. У ёй распавядалася, што кіраўніца ідэалагічнага аддзелу Барысаўскага раёна Людміла Гарнак у суправаджэнні галоўнай рэдактаркі «Адзінства» Веры Пратасевіч наведвала гарадскія крамы і патрабавала прыбраць з продажу газету «Борисовские новости».
Спн. Пратасевіч патрабуе абвергнуць выкладзеную ў публікацыі інфармацыю, а таксама спагнаць у якасці кампенсацыі за маральны ўрон 2 мільёны рублёў з аўтара і 3 мільёны з рэдакцыі газеты «Борисовские новости».
Суд па справе распачаўся на пачатку чэрвеня.