viasna on patreon

Праз прымусовую лагерную працу – да дэмакратычнага грамадства?

2009 2009-05-28T17:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/get.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тыдзень таму, на чарговай  нарадзе Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў безапеляцыйную заяву аб тым, што на нядбайных бацькоў правы чалавека не распаўсюджваюцца і таму неабходна іх прымусовае працаўладкаванне.

Стварэнне працоўных лагераў для надбайных бацькоў на думку А. Лукашэнкі дапаможа спагнаць з “абавязаных асобаў” неабходныя сродкі для кампенсацыі дзяржаве выдаткаў па ўтрыманьні дзяцей, якія былі ў іх адабраныя і знаходзяцца ў дзяржаўных дзіцячых дамах. Не так даўно Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Васілевіч заявіў, што заканадаўства у гэтай сферы павінна пайсці далей і абавязаць такіх бацькоў утрымліваць сваіх дзяцей у выхаваўчых калоніях для непаўнагадовых у выпадку іхняга асуджэньня ў сувязі са здзяйсненьнем крымінальнага злачынства.

Але, верагодна, што тыя заканадаўчыя і адміністратыўныя меры, якія прымяняюцца да нядбайных бацькоў паводле прынятага ў 2006 г. Дэкрэта № 18  не прывялі да істотных зменаў,(колькаць спагнаных сродкаў склала за мінулы год каля 30% ад прагназуемага) таму Прэзідэнт Беларусі сваім чарговым Дэкрэтам №5 ад 5 траўня 2009 года ўнёс зьмены і дапаўненьні ў свой ранейшы Дэкрэт, якія тычацца рэгуляваньня пытаньняў абароны дзяцей і павышэньня адказнасьці бацькоў, якія не выконваюць свае бацькоўскія абавязкі.

У прыватнасьці, уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць за дзеяньні, альбо  бяздзейнасьць, якія выразіліся ва ўхіленьні ад працаўладкаваньня па судовай пастанове аб працаўладкаваньні, і пацягнулі за сабой невыкананьне або няпоўнае выкананьне штомесячных абавязацельстваў па пакрыцьці выдаткаў па ўтрыманьні дзяцей;

адкарэктаваны парадак прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за іншыя правінныя дзеяньні (бяздзейнасьць), пацягнуўшыя за сабой невыкананьне або няпоўнае выкананьне штомесячных абавязацельстваў па пакрыцьці выдаткаў па ўтрыманьні дзяцей, шляхам увядзеньня адміністрацыйнай прэюдыцыі для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.

У выпадку, калі абавязаныя асобы сістэматычна здзяйсьняюць прагулы альбо іншым чынам парушаюць працоўную дысцыпліну, Дэкрэт пашырае магчымасьці накіраваньня абавязаных асоб, якія ўжываюць алкагольныя напоі, наркатычныя ды іншыя адурманьваючыя рэчывы, у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Дэкрэтам таксама прадстаўлена права органам унутраных спраў выкарыстоўваць у выпадку вышуку абавязанай асобы адміністрацыйнае затрыманьне на тэрмін не звыш сямідзесяці двух гадзін (было не звыш трох гадзін) для высвятленьня асобы і прыняцьці мер па дастаўцы ў органы дзяржаўнай службы занятасьці.

Акрамя таго, ураду Беларусі даручана ўнесьці прапановы аб пашырэньні ў рэспубліцы сеткі лячэбна-працоўных прафілакторыяў (ЛТП).

І гэта пры тым, што на сёньня ў Беларусі ўжо дзейнічае пяць ЛТП, а колькасць ізаляваных асобаў у ЛТП у 2008 г. скалала каля 4000 чалавек.

Праваабаронца  Валянцін Стэфановіч каментуе гэтую сітуацыю:

“Адразу хачу адзначыць, што мы ў ніякім выпадку не выступаем у абарону бацькоў, якія сваімі паводзінамі, ладам жыцьця, ставяць сваіх дзяцей у сацыяльнанебяспечнае становішча. Дзяржаўныя органы безумоўна павінны стаяць найперш на абароне правоў дзіцяці, на абароне ягонага здароўя і жыцьця. Калі бацькі не могуць забяспечыць сваім дзецям належных умоваў утрыманьня і сваімі паводзінамі ставяць здароўе і жыцьцё дзіцяці ў небяспечнае становішча, у такіх выпадках дзяржава абвязана праявіць клопат і ўзяць такіх дзяцей на сваё утрыманьне.

Увогуле, праблема алкагалізацыі і сіроцтва пры жывых бацьках з’яўляецца, на маю думку, адной з асноўных праблемаў сённяшняй Беларусі. У сувязі з гэтым я безумоўна падзяляю занепакоенасць Урада гэтымі нялёгкімі сацыяльнымі праблемамі нашага грамадства. Аднак, як мне падаецца, прапаноўваючы комплекс мераў для іх вырашэньня дзяржава змагаецца не з першакрыніцамі гэтых праблемаў, а з людзьмі, якія па нейкіх прычынах, найбольш па сваёй віне, выпалі з сацыяльнага жыцьця і грамадства.

Што ж прапаноўвае дзяржава для вырашэньня гэтых праблемаў? Ідэі, адразу скажам, ня новыя. Ізаляваць такіх элементаў ад грамадства і прымусіць іх працаваць. Аднак, як мне падаецца такі варыянт змаганьня з гэтым сацыяльным злом малаэфэктыўны і самае галоўнае – парушае правы чалавека.

Так, правы гэтых часта дэгарадаваных асобаў, якія тым не меньш з’яўляюцца людзьмі і нашымі з вамі суграмадзянамі. Правы чалавека з’яўляюцца ўніверсальнымі і належаць чалавеку незалежна ад таго ці з’яўляецца ён добрым альбо кепскім, алкаголікам ці наркаманам. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе ўсім яе грамадзянам недатыкальнасць асобы, асабістую свабоду і свабоду ад катаваньняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжаньня. Асоба можа быць пазбаўленая ці абмежаваная ў свабодзе  выключна на законных падставах і на падставе прысуду суда.

Мы ўжо пісалі аб сістэме ЛТП у нашай краіне. Вялікую крытыку выклікаў і Дэкрэт № 18, які на нашую думку, ўтрымлівае шэраг супярэчаньняў Канстытуцыі Беларусі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека.

Цяперашнія зьмены яшчэ болей выклікаюць нашую занепакоенасьць. Пагрозы Лукашэнкі стварыць працоўныя лагеры для нядбайных бацькоў фактычна ўжо рэалізаваныя гэтымі зьменамі ў дэкрэце: адміністратыўная адказнасьць у выглядзе 15 суткавага арышту з абвязковым прыцягненьнем да працы за ўхіленьне ад абавязковай працы, які гэтым “абавязаным асобам” выносіцца судом. Пры гэтым уводзіцца адміністратыўная прыюдыцыя для крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне ад абавязковай працы і выплаты абавязковых грашовых спагнаньняў. Г.зн, што паўторнае на працягу года ухіленьне ад абавязковай працы пасля прыцягненьня да адміністратыўнай адказнасьці цягне за сабой і крымінальную адказнасьць ---абмежаваньне волі ва ўстановах адкрытага тыпу з абавязковым прыцягненнем да працы –“хімія” у прастанароддзі. Вось вам і самыя сапраўдныя працоўныя лагеры, пра якія клапоціцца А. Лукашэнка.

Акрамя таго, Дэкрэт № 5 уводзіць дадатковыя падставы для накіраваньня ў ЛТП “абавязаных асобаў” – за парушэньне працоўнай дысцыпліны, звязанай з ужываньнем алкаголю ці наркатычных сродкаў.

Трэба адзначыць, што мы лічым недапушчальным існаванне ў краіне ўстановаў кшталту ЛТП ці іншых “працоўных прафілакторыяў”, а таксама практыкі прыцягненьня грамадзянаў краіны да прымусовай працы і асуджэньне іх да крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне ад такой працы. Прымусовая праца забароненая не толькі Канстытуцыяй краіны, але і міжнароднымі актамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычнах правах.

Усе правы чалавека для ўсіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства