Ціск на незалежныя прафсаюзы набывае новыя формы
У першай дэкадзе верасьня Міжнародная арганізацыя працы (МАП) плянавала накіраваць у Менск спэцыяльную камісію ў справах дазнаньня. Аднак візыт экспэртаў з Брусэлю цяпер адкладаецца.
Намесьнік старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Мікалай Каннах патлумачыў Радыё Свабода, што некалькі дзён таму нам паведамілі з Брусэлю, што ўрад Беларусі папрасіў адтэрмінаваць прыезд гэтай камісіі. Тут нібыта не гатовыя працаваць з экспэртамі па тых мерапрыемствах, што былі закладзеныя ў рэкамэндацыях МАП летась увесну. На выпраўленьне выкрытых у 2004 годзе парушэньняў у сфэры працоўнага заканадаўства і дзейнасьці дэмакратычных прафсаюзаў Міжнародная арганізацыя працы адводзіла 14 месяцаў, зараз прыйшоў час
праверыць выкананае.
Паводле лідэра Свабоднага прафсаюзу Беларусі Геандзя Быкава, у часе своеасаблівай перадышкі міжнароднага кантролю ў Беларусі пагоршацца ўмовы працы незалежных прафсаюзаў. Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) мае рашэньне сваёй Рады аб правядзеньні чарговага VI зьезду. Ведаючы сумны досьвед арэнды памяшканьняў апазыцыйнымі структурамі, прафсаюзы загадзя зьвярнуліся да кіраўніцтва гасьцявога комплексу Менскага аўтазаводу. Просьбу задаволілі і ўзгаднілі дату – 12 лістапада. Аднак мінула два тыдні і дамоўленасьць аднабакова скасаваная.
У гэтыя дні Менскі гаспадарчы суд вынес рашэньне аб пазбаўленьні юрыдычнага адрасу Свабоднага прафсаюзу. У лідэра Свабоднага прафсаюзу забралі пропуск на ўваход на тэрыторыю Менскага заводу аўтаматычных лініяў. Сам Генадзь Быкаў называе гэта новымі формамі ўціску на незалежныя прафсаюзы: “Улада абыходзіцца, як з Саюзам палякаў”.