viasna on patreon

БТ нацкоўвае бацькоў на дзяцей

2009 2009-05-13T11:54:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tv.jpg

Сёньня ўвечары пасьля праграмы “Панарама” БТ прапануе гледачам фільм ““Малады фронт”. Кіднэпінг”. Маладафронтаўцы тры тыдні таму паведамлялі “Свабодзе”, што БТ разам з КДБ рыхтуе фільм пра сяброў арганізацыі. Яны лічаць, што ўлады спрабуюць узьдзейнічаць на бацькоў патэнцыйных сяброў моладзевых арганізацый.

 

Маладафронтаўцы лічаць, што гэтым разам супрацоўнікі КДБ вырашылі не распавядаць толькі пра арганізацыю, а прайсьціся па пэрсаналіях.

 

24 красавіка ў кватэру бацькоў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча ўварваліся людзі ў цывільным, міліцыянты і двое чалавек з камэрамі. Яны пабеглі па пакоях і здымалі ўсё, нават прыбіральню і ванны пакой.

 

Вячаслаў Дашкевіч апавёў:

 

“Думаю, што яны здольныя на ўсё, на любую агіду. Яны могуць любы “бамжатнік” зьняць і потым сказаць, што гэта ўсё наша.

 

Шукалі бялізну мурзатую, што ў спальні ложак не запраўлены як трэба... Здымалі ўсё-усё-усё-усё...

 

Гэта ўсё з-за таго, што сын у апазыцыі, каб яго як мага больш падставіць, больш зганіць”.

 

Бацька Зьмітра Вячаслаў Дашкевіч апавёў, што раней супрацоўнікі КДБ прывезьлі ў Старыя Дарогі жанчыну зь Менску. Яна ўвайшла ў кватэру, а службістаў бацька не пусьціў, зачыніўшы дзьверы. Жанчына казала бацьку лідэра “Маладога фронту”, што яе сын стаў сябрам арганізацыі, а яна супраць гэтага.

 

Вячаслаў Дашкевіч патэлефанаваў Зьмітру ў Менск і даў слухаўку жанчыне. Высьветлілася, што яна маці Яраслава Лыскаўца. Менавіта гэтая жанчына дала інтэрвію БТ.

 

23 красавіка актывіста “Маладога фронту” Антона Русіна, які працуе на авіярэмонтным заводзе, двое супрацоўнікаў КДБ палохалі звальненьнем з працы, праблемамі на працы ягонай маці, калі ён не прачытае перад камэрай падрыхтаваны імі тэкст аб тым, што ён нібыта хоча выйсьці з арганізацыі, але зрабіць гэта ня проста.

 

25 красавіка ў школьную клясу падчас урока ўвайшлі людзі ў цывільным з апэратарам. Яны, не зьвяртаючы ўвагі на вучняў, пачалі дапытваць бацьку маладафронтаўца Вадзіма Ханяўкі, як ён ставіцца да сяброўства сына ў моладзевай арганізацыі. Яму патлумачылі, што ім трэба зрабіць фільм пра тое, як бацькі супраць таго, што іх дзеці ў “Маладым фронце”.

 

Вадзім Ханяўка распавёў:

 

“Яны прасілі, каб мой бацька на камэру зьвярнуўся да Зьмітра Дашкевіча з просьбай адпусьціць мяне з арганізацыі. Мой бацька, натуральна, адмовіўся. Яны хацелі яго выкарыстаць для дыскрэдытацыі Зьмітра і ўсёй арганізацыі.

 

Прыехалі ў школу на трох машынах. Наколькі я ведаю, бралі інтэрвію ў дырэктара школы. Было відаць, што іх “падціскаюць” тэрміны, што яны вельмі сьпяшаліся. Таму, відаць, і дзейнічалі так груба і непрафэсійна”.

 

Зьміцер Дашкевіч цяпер здае сэсію ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце. Ягоная намесьніца Наста Палажанка лічыць, што дзяржаўнае тэлебачаньне невыпадкова вырашыла прадэманстраваць фільм за дзень да маршу “За незалежнасьць”. Але яна ўпэўнена, што насамрэч арганізацыі зрабілі бясплатную рэкляму.

 

“Калі бэтэшнікі і ўлады думаюць, што яны нашкодзяць “Маладому фронту”, то мы, наадварот, перакананыя, што гэта ёсьць добры піяр, які, у прынцыпе, каштуе для шматлікіх палітыкаў вельмі вялікіх грошай.

 

Паколькі фільм будзе дэманстравацца напярэдадні 14 траўня, то мы з сябрамі яшчэ абмяркуем, як падзякаваць Белтэлерадыёкампаніі за дадатковую рэкляму нашага мерапрыемства”.

 

Мікола Дземідзенка дадаў:

 

“Безумоўна, што гэты фільм арыентаваны на бацькоў. Сваім фільмам яны распальваюць варожасьць менавіта ў сем’ях, паміж дзецьмі і бацькамі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства