Гомельскім актывістам апазіцыі КДБ вярнуў камп'ютэры, канфіскаваныя ў 2007 годзе
Актывістам гомельскай кааліцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл 11 мая Упраўленне КДБ па Гомельскай вобласці вярнула шэсць камп’ютэраў, канфіскаваных падчас вобыску ў кастрычніку 2007 года.
Як паведаміў БелаПАН старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, не ўся аргтэхніка, якую вярнулі спецслужбы, была ў спраўным стане. «З майго камп’ютэра знікла сістэмная карта, але разам з тым з’явіліся файлы, якіх да вобыску і канфіскацыі тэхнікі не было, — статут, анкета, памяткі арганізацыі «Малады фронт», яшчэ ў прыдачу і восем вірусаў», — адзначыў лідэр абласной арганізацыі.
Ён выказаў здагадку, што дакументы, якія тычацца дзейнасці міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія), былі змешчаны кімсьці ў камп’ютэр наўмысна, каб неяк апраўдаць той факт, што ва ўпраўленні КДБ аргтэхніка знаходзілася паўтара года. Яна была канфіскавана на падставе таго, што з’яўляецца рэчавым доказам па крымінальнай справе ў дачыненні да незарэгістраванай арганізацыі. «Верагодна, супрацоўнікі спецслужбаў самі не ведалі, ці спатрэбяцца ім у будучым камп’ютэры як рэчдоказы і супраць каго — на ўсякі выпадак хтосьці пазначыў файлы з дакументамі», — лічыць Палякоў.
Вобыск і канфіскацыя аргтэхнікі адбыліся ў офісе абласной арганізацыі АГП у кастрычніку 2007 года. Супрацоўнікі КДБ растлумачылі свае дзеянні правядзеннем аператыўных мерапрыемстваў па крымінальнай справе ў дачыненні да членаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». У той час падазронымі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі былі маладзёжныя актывісты з Гомеля і Жлобіна Андрэй Цянюта і Кірыл Атаманчык. Крымінальная справа ў дачыненні да Цянюты была спынена, лёс крымінальнай справы ў дачыненні да Атаманчыка невядомы. Нядаўна ён звярнуўся ва Упраўленне КДБ з патрабаваннем спыніць крымінальны пераслед у адносінах да яго.