viasna on patreon

Для беларускіх асуджаных могуць увесьці электронныя бранзалеты

2005 2005-09-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў абвясьціў пра намер увесьці для беларускіх асуджаных электронныя бранзалеты. Такім чынам мяркуецца ўзмацніць нагляд за вязьнямі і нават палепшыць умовы іхнага ўтрыманьня. Кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімір Коўчур патлумачыў для радыё Свабода асаблівасьці выкарыстаньня гэтых прылад: “Гэта пэрспэктыўна , ва ўсім сьвеце гэтак робяць, і на Захадзе. Гэта для асобаў, якія асуджаныя да частковага абмежаваньня волі і будуць адбываць пакараньне ў хатніх умовах. Каб кантраляваць іх перамяшчэньні, бо ім будзе забаронена наведваць пэўныя месцы”. Паводле Уладзіміра Коўчура, спатрэбяцца бранзалеты тады, калі парлямэнт зацьвердзіць новы Крымінальна-выканаўчы кодэкс, у якім будзе прадугледжанае і такое пакараньне, як хатні арышт. Пакуль жа замест яго беларускія суды, калі дазваляе дзеючы Кодэкс, выкарыстоўваюць гэтак званую “хімію”.

У беларускіх турэмшчыкаў усё болей плянаў па выкарыстаньні тэхнікі ды электронікі ў сваёй справе. Зусім нядаўна яны заявілі пра намер увесьці паўсюдна сыстэму відэаназіраньня, і вось новая ідэя. Рэдактар закрытай ўладамі газэты “Рабочы” Віктар Івашкевіч, які адбыў год у спэцкамэндатуры Баранавічаў, з асьцярогай паставіўся да плянаў увесьці электронныя бранзалеткі для тых асуджаных, каму воля абмежавана часткова: “ Мяркую, гэта накіравана ў пэрспэктыве на тое, каб абмежаваць магчымасьці асуджаных браць удзел у грамадзкім жыцьці, зрабіць больш жорсткім кантроль над імі. Бо для сапраўдных злодзеяў будзе нескладана пазбавіцца такіх бранзалетак, і пайсьці куды трэба, а што да людзей, якія ня злодзеі, якіх пакаралі абмежаваньнем волі, каб стрымаць і грамадзкую актыўнасьць, вось супроць іх гэта і будзе накіравана”.

У сваю чаргу праваабаронца з Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зьвяртае ўвагу на ролю беларускіх судоў у вырашэньні турэмных праблемаў. На яго думку, гэта важней за ўвядзеньне электронных прылад: “Галоўная праблема ў тым, што суды рэальна не думаюць аб пакараньні згодна з заканадаўствам. А гэта найперш індывідуальны падыход і пакараньне, якое ськіраванае на перавыхоўваньне чалавека, на яго паляпшэньне. Пакуль пакараньне не перастане быць помстай, ўсе нават разумныя захады не дадуць карысьці”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства