Лябедзьку затрымалі ў мінскім аэрапорце
Больш за дзьве з паловай гадзіны праходзіў памежную і мытную праверку ў Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоль Лябедзька, які вяртаўся з Польшчы са сьвяткаваньняў, прысьвечаных 25-годзьдзю прафсаюзу “Салідарнасьць”.
Спачатку памежнікі паўгадзіны правяралі ягоны пашпарт, узгаднялі з вышэйшым кіраўніцтвам нейкія дэталі. Пазьней за справу ўзяліся мытнікі, якія ўчынілі агляд рэчаў палітыка. Іх зацікавілі матэрыялы канфэрэнцыі “Ад салідарнасьці да свабоды”, якая прайшла ў Варшаве і Гданьску.
У выніку, як паведаміў Анатоль Лябедзька радыё Свабода, у яго канфіскавалі кнігі і кампакт-дыскі, у тым ліку кнігу вершаў аб украінскай аранжавай рэвалюцыі. Усяго мытнікі забралі 11 носьбітаў інфармацыі: праграмы канфэрэнцыі, сьпісы яе ўдзельнікаў, іх біяграфіі, кампакт-дыскі, зборнік вершаў на украінскай і ангельскай мовах “Памаранчавая паэзія” ды кнігу “Канец Ялты”, прысьвечаную паўстаньню прафсаюза “Салідарнасьць”.
У пратаколе было запісана, што гэтая інфармацыя можа нанесьці ўрон палітычным і эканамічным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.
Дзеяньні памежных і мытных службаў спадар Лябедзька лічыць незаконнымі і маральна прыніжальнымі. Асабліва гэта адчуваецца на кантрасьце з Польшчай, якая сьвяткавала 25-годзьдзе “Салідарнасьці”, адкуль прыехаў спадар Лябедзька: “Канечне, за тых людзей, якіх мы бачылі ў Гданьску і Варшаве, можна парадавацца, белай зайздрасьцю. Людзі сьвяткуюць і маюць на гэта права… Але ўсё ж скажу, што тыя людзі, якія ўдзельнічалі дзьве з паловай гадзіны ў гэтым працэсе ў аэрапорце, 95% зь іх разумеюць, што гэта поўны абсурд”.