Нягледзячы на рэзкае пагаршэнне здароўя, Мікалай Аўтуховіч намераны працягваць галадоўку
Мікалай Аўтуховіч мае намер працягваць галадоўку да задавальнення сваіх патрабаванняў, нягледзячы на тое, што стан яго здароўя рэзка пагоршыўся. Дагэтуль не ясна, ці вядуцца нейкія следчыя дзеянні па яго справе. Пра гэта паведаміў адвакат Павел Сапелка пасля сённяшняй сустрэчы са сваім падабаронным.
- Я сустракаўся з Мікалаем Аўтуховічам сёння, на восьмы дзень яго галадоўкі. Гэта, вядома, знешне ўжо не той Мікалай, якога я ўбачыў у першы дзень, калі ён быў затрыманы. Стан здароўя і агульнае самаадчуванне яго значна пагоршыліся. У яго ёсць праблемы з печанню. Сам Мікалай кажа, што ён сябе адчувае так, як быццам бы галадае дзён трыццаць. Але ў санчастцы, куды ён цяпер пераведзены, лекі для яго не прынялі, - распавёў Павел Сапелка.
Але, як адзначыў адвакат, яго падабаронны больш скардзіцца як раз не на праблемы са здароўем:
- Больш Мікалай скардзіцца на тое, што да яго не паступаюць тыя шматлікія лісты, якія і па яго і па маіх звестках накіроўваюць яму з волі.
Нагадаем, што ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які з 8 лютага 2009 года знаходзіцца ў следчым ізалятары па абвінавачванні ў падпале маёмасці, абвясціў галадоўку, паколькі лічыць сябе невінаватым. Па словах адваката Паўла Сапелкі, галадоўка з'яўляецца адзінай законнай ва ўмовах турмы мерай, на якую мог пайсці абвінавачаны, пратэстуючы супраць беззаконня і самаўпраўнасці следчых органаў, адсутнасці пракурорскага нагляду за ходам расследавання яго справы.