Пятнічны нумар "БДГ" надрукаваны ня будзе, ён зьявіцца толькі ў інтэрнэт-варыянце
“Белорусская деловая газета” дагэтуль не прайшла перарэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі ў сувязі з забаронай А.Лукашэнкам незалежным СМІ мець у назвах словы “беларускі” й “нацыянальны”. З гэтай прычыны пятнічны нумар газэты ня будзе надрукаваны, паведаміла радыё Свабода. У Мінінфармацыі паведамляюць, што час на перарэгістрацыю газэты яшчэ застаўся — да канца працоўнага дня 2 верасьня.
Тое, што “Белорусскую деловую газету” дагэтуль не перарэгістравалі пад прапанаванай назвай “БДГ. Деловая газета” галоўны рэдактар выданьня Пётар Марцаў лічыць юрыдычна неабгрунтаваным. Але з гэтай прычыны падрыхтаваны рэдакцыяй пятнічны нумар газэты ня можа быць выпраўлены ў друк. “БДГ” даўно друкуецца за межамі Беларусі, у Смаленску, але цяпер і там выхад немагчымы — з адсутнасьці новага пасьведчаньня аб рэгістрацыі.
Пётар Марцаў паведаміў, што пятнічны нумар “БДГ” выйдзе толькі ў інтэрнэце. У Мінінфармацыі кажуць, што час на выкананьне палажэньняў Указу А.Лукашэнкі аб перарэгістарцыі СМІ яшчэ ёсьць. Аднак ці атрымае “БДГ” за гэты час новае пасьведчаньне аб рэгістрацыі, у Мінінфармацыі спрагназаваць не ўзяліся.
Калі Мінінфармацыі не перарэгіструе газэты, Пётар Марцаў зьбіраецца абскардзіць дзеяньні Міністэрства ў судзе. Паводле спадара Марцава, улады спрабуюць закрыць іхную газэту з 2001 году: “БДГ” адмоўлена друкавацца на тэрыторыі краіны, распаўсюджваць выданьне празь “Белсаюздрук” і пошту. Нават забараняецца продаж выданьня ў прыватных крамах. Акрамя таго, сёлета газэта змушана аплаціць 50 тысяч даляраў — у выглядзе штрафаў падаткавай інспэкцыі й кампэнсацыяў паводле судовых рашэньняў. “Дый цяпер у рэдакцыі чарговую праверку праводзіць падаткавая інспэкцыя”, — паведаміў спадар Марцаў.