Пракуратура адхіліла зварот галоўнага рэдактара "Борисовских новостей"
Пракуратура г. Барысава не задаволіла звароту галоўнага рэдактара газеты "Борисовские новости" Анатоля Букаса, які прасіў разабрацца з выпадкамі незаконнага чынення перашкодаў у распаўсюдзе яго выдання. У звароце, які А. Букас накіраваў у пракуратуру 26 ліпеня, ён выказаў меркаванне, што работнікі Барысаўскага выканкама Валянціна Шутко і Наталля Касперская наўмысна перашкаджаюць продажу яго выдання праз сетку гарадскога раздробнага гандлю, паведамляе прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".
Па інфармацыі заснавальніка і галоўнага рэдактара выдання, у сярэдзіне ліпеня спн. Шутко асабіста загадала прыбраць"Борисовские новости" з прылаўка аднаго з гандлёвых павільёнаў на вул. Чкалаўскай з-за таго, што выданне не было ўнесена ў асартыментны пералік. Падобныя парушэнні, на думку А. Букаса, дапусціла і загадчыца ўпраўлення гандлю гарвыканкама В. Касперская, якая забараніла продаж яго газеты ў краме "Ваяж" і павільёнах некалькіх індывідуальных прадпрымальнікаў (іх імёны і каардынаты А. Букас пералічыў у сваім звароце ў пракуратуру). Паводле А. Букаса, адзін з пералічаных прадпрымальнікаў звяртаўся ў гарвыканкам з просьбай унесці змены ў свой асартыменты пералік тавараў, аднак атрымаў адмову. Па інфармацыі галоўнага рэдактара, продаж "Борисовских новостей" забаронены ва ўніверсаме "Нормания-Неман", у Барысаўскім РА "Минаблсаюздрук", у паштовых аддзяленнях г. Барысава і іншых месцах.
А. Букас перакананы, што згаданыя супрацоўніцы Барысаўскага гарвыканкама "па-свойму трактуюць Дэкрэт №4": нягледзячы на тое, што дакумент вызначае мінімальны асартыментны пералік тавараў пры афармленні ліцэнзіі на раздробны гандаль, яны патрабуюць ад прадпрымальнікаў і дырэктароў крамаў аформіць поўны асартыментны пералік, - адзначыў у сваім звароце А. Букас.
Галоўны рэдактар прасіў пракуратуру "ўказаць на недапушчэнне парушэння закона з боку вышэйназваных чыноўнікаў, а таксама накіраваць адказ пералічаным прадпрымальнікам і крамам". Аднак у лісце, які падпісаў 26 жніўня пракурор г. Барысава В. Шпакоўскі, сцвярджаецца, што "ўказаныя асобы не пацвердзілі абставінаў, выкладзеных у звароце", і "якіх-кольвек іншых доказаў парушэння заканадаўства ў ходзе праверкі не здабыта". Зварот А. Букаса пакінулі без зменаў, а ў выпадку нязгоды прапанавалі абскардзіць яго ў Пракуратуру Мінскай вобласці альбо суд.