"Наша Вясна” ізноў без рэгістрацыі (дапоўнена)
22 красавіка Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь пакінуў без задавальненьня скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі.
Суддзя Вярхоўнага суду Ігар Мільто прыйшоў да высновы, што Міністэрства юстыцыі слушна адмовіла ў рэгістрацыі праваабарончаму аб’яднаньню, паколькі мелі месца недакладнасьці ў сьпісах заснавальнікаў, а ў пратаколе устаноўчага сходу не быў зафіксаваны механізм абраньня старшыні і сакратара сходу. Апроч таго, ў плацёжным дакуменце аб аплаце дзяржаўнай пошліны адсутнічала назва арганізацыі. Усе астатнія падставы, якія вылучыў раней Мінюст, аргументуючы сваё рашэньне, Вярхоўны суд да ўвагі не прыняў і палічыў іх юрыдычна неправамоцнымі.
Суд адзначыў, што аргумент заянікаў аб тым, што вышэйуказаныя недахопы маглі быць выпраўленыя ў працэсе рэгістрацыі, з’яўляюцца неабгрунтаванымі, паколькі прадстаўленьне адтэрміноўкі ў рэгістрацыі з’яўляецца правам, а не абавязкам рэгіструючага органа.
Вярхоўны суд таксама адпрэчыў аргументы прадстаўніка Мінюста, які сцвярджаў, што ўстаноўчы сход "Нашай Вясны" не мог адбыцца, бо памяшканьне штаб-кватэры АГП для яго "зацеснае".
Адзін з сузаснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч заявіў, што “праваабаронцы не згодныя з такім рашэньнем Вярхоўнага суду і будуць абскарджваць яго ў парадку нагляду на імя старшыні Вярхоўнага суду.
Валянцін Стэфановіч зазначыў:
"Мы не згодныя з гэтым рашэньнем, паколькі у частцы 3 арт. 15 Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” уртымліваецца дакладны і вычарпальны пералік падставаў для прыняцьця рашэньня аб адмове ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднаньня. Такімі падставамі, у прыватнасьці, з’яўляюцца:
парушэньне ўстаноўленага парадку стварэньня грамадскага аб’яднаньня, саюза, калі такое парушэньне носіць невыпраўляльны характар;
неадпаведнасьць устаноўчых дакументаў грамадскага аб’яднання, саюза (мэтаў, задач, метадаў дзейнасці, тэрыторыі распаўсюджвання дзейнасьці грамадскага аб’яднання) патрабаваньням закона;
непрадстаўленьне грамадскім аб’яднаньнем, саюзам, усіх прадугледжаных заканадаўствам дакументаў, неабходных для дзяржаўнай рэгістрацыі;
неапаведнасьць назвы грамадскага аб’яднаньня, саюза, у тым ліку скарочанай, іх сімволікі, а таксама умоваў членства ў грамадскім аб’яднаньні саюзе, патрабаванням заканадаўства і (ці) іх устаноўчым дакументам;
невыкананьне у месячны тэрмін патрабаваньняў, указаных у рашэньні аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб’яднання, саюза;
адмова выканаць законную прапанову адпаведнага рэгіструючага органа аб змене назвы грамадскага аб’яднаньня, саюза.
Пры стварэнні ГПА “Наша Вясна” намі не было дапушчана парушэньняў, якія выкладзеныя вышэй. Адпаведна, рэгіструючы орган мусіў прадаставіць адтэрміноўку для вапраўленьня адзначаных недахопаў.
Трэба дадаць, што права, а не абавязак Міністэрства юстыцыі ў прадастаўленьні адтэрміноўкі ў дзяржаўнай рэгістрацыі, на практыцы азначае, што такая адтэрміноўка прадстаўляецца па прынцыпу “падвойных стандартаў”. Гэта і падцвердзіў у судовым працэсе прадстаўнік Мінюста А. Харытон, які заявіў, што заснавальнікі ГПА “Наша Вясна” наўмысна ўчынілі памылкі ў рэгіструючых дакументаў, што і сталася прычынай непрадстаўленьня Мінюстам адтэрміноўкі для іх выпраўлення".
Валянцін Стэфановіч таксама паведаміў, што “на гэтым тыдні будуць у трэці раз пададзеныя дакументы для рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” . У выпадку чарговай адмовы у рэгістрацыі, праваабаронцы прынялі рашэньне больш не звяртацца ў Мінюст для рэгістрацыі свайго аб’яднаньня. Калі дзяржава ў асобе Міністэрства юстыцыі не гатовая, ня хоча ці ня можа рэгістраваць праваабарончыя арганізацыі, то гэта застаецца праблемай самой дзяржавы. Праваабарончай дзейнасцю мы можам займацца і без дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта нашае законнае права, гарантаванае нам Канстытуцыяй краіны і міжнарожнымі нормамі ў галіне правоў чалавека.”